galinaed: (поні !!!)
[personal profile] galinaed
Некалісь я абяцала расказаць пра забавы для адпачывальнікаў у Сонечным Беразе. Думаеце, забылася на гэтае абяцаньне? Ні ў якім разе! Проста не было часу, а потым – і настрою пісаць менавіта пра забавы. А цяпер, як мне падаецца, - самы момант! Даўно хачу зьмяніць тэму на аптымістычную...

А што, не прайшло нават году! Дык на чым я там спынілася? Спачатку я расказала пра неахайнасьць і нядбайства баўгараў і пра ўтульнасьць гатэляў, а потым – пра харчаваньне і сваю незадаволенасьць кавай і гарбатаю.


Але ж ня хлебам адзіным жывы чалавек! Для добрага адпачынку абавязкова трэба мець магчымасьць ня толькі паваляцца на пляжы і паплаваць у моры, але і культурна правесьці свой час, калі ты больш ня можаш проста валяцца, забыўшыся пра ўсё на сьвеце.

IMG_4810

Калі ў вас ня “ол інклюзіў”, можна пацягацца па крамах, каб элемэнтарна набыць сабе піцьцё і ежу. Што мы і рабілі амаль кожнага дня адразу пасьля абеду, каб ня йсьці на пляж з поўным пузам :) Цэны на прадукты харчаваньня вельмі прыемныя: практычна ўсё таньней, чым у нас. Ну, што ж я паўтараюся – я ўжо прыводзіла цэны на шмат якія прадукты, і кожны можа параўнаць сам.

Аднак хаджэньне па крамах наўрад ці можна аднесьці да забаваў. Таму зьвернемся да мясцовага “Брадвэю”, які вядзе да мора. Менавіта там, на ўзьбярэжжы, знаходзіцца большасьць забаўляльных аб’ектаў. Ну і чаму я іх не фатаграфавала, вось скажыце мне? А таму што я ніякі не прафэсійны блогер і здымаю толькі тое, што мне самой цікава. Калі б я мела наўвеце, што буду пісаць пост пра адпачынак, – вядома ж, я нарабіла б шмат здымкаў розных карусэляў і іншых атракцыёнаў. А там іх ёсьць, як кажуць у Адэсе.

Шчыра кажучы, я зусім ня ведаю, якія атракцыёны цяперака ёсьць у маім родным горадзе, сталіцы Беларусі, – бо даўно не наведвала паркаў адпачынку. І таму ня маю магчымасьці параўноўваць. Аднак там, на ўзьбярэжжы, усе атракцыёны навідавоку, далёка ісьці ня трэба – карыстайся колькі хочаш, толькі даставай гаманец і плаці.

Для аматараў экстрэмальных забаў там увогуле рай. Я некалькі разоў каталася на такооооой круцёлцы, што нават цяпер дых займае, калі ўспамінаю. Сядаеш у кабінку - і цябе, як стрэлку гадзіньніка, пачынае хутка круціць па коле ўверх-уніз, і пры гэтым канец стрэлкі – то бо твая кабінка – павольна круціцца вакол восі, паралельнай зямлі. Атрымліваецца, што ты пэрыядычна апынаесься дагары нагамі і цябе нясе наўпрост тварам да зямлі... Гэта незабыўна! Адно скажу – цяжка знайсьці кампанію на гэты атракцыён, бо большасьць народу элемэнтарна баіцца. Ну, і кошт гэтай радасьці, шчыра скажу, немалы – калі не памыляюся, 14 эўра. Аднак уражаньні вартыя таго, каб патраціць на іх хай сабе і немалую суму, аднак гэта будзе нашмат цікавей, чым набыць, скажам, нейкую ня надта патрэбную шмотку.

А наступны ўпадабаны мной атракцыён ёсьць у мяне на фотках! Праўда, здымалі ў поўнай цемнаце – бо ўжо сонца схавалася за гарызонт, – таму якасьць фотак пакідае жадаць лепшага. Сьмешна сказаць, у гэтым атракцыёне ўвогуле няма ніякай тэхнікі, ніякага абсталяваньня – адна длінная пругкая гумка, да якой прымацаваны седачок, і дзьве апоры. Аднак уражаньні!!!

Спачатку цябе замацоўваюць рамянямі ў седачку.

IMG_4830

Потым, як у звычайнай дзіцячай рагатцы, гумку адпускаюць – і ты ляціш у космас!

IMG_4832

Ляціш, пакуль цябе нясе моц адпушчанай нацягнутай гумкі... А там космас кажа: “А цябе тут не чакалі, валі адсюль!” – і ты з усяе моцы вяртаесься да зямлі. Але, не дастаўшы зямлі, па інэрцыі зноў ляціш у космас – і так некалькі разоў, пакуль хопіць інэрцыі нацяжэньня.

IMG_4833

Некалькі хвілін страху – і ты вяртаесься на зямлю, цалкам агаломшаны тым, што з табою адбылося.

IMG_4834

Яны такія дзіўныя – калі цябе прымацоўваюць да гэтай гумкі, яны кажуць, што трэба моцна трымацца за канат і нельга адпускаць рукі. Паглядзела б я на іх, як яны трымаліся б за той канат, калі цябе з вар’яцкай сілай круціць у паветры вакол гэтага каната і ты, лятаючы ўверх-уніз, ня ў змозе ня тое што трымацца за нешта рукамі – ты ўвогуле нічога ня можаш, бо адчуваеш сябе пясчынкай, якую нясе непадуладная табе сіла. Я нават не зразумела, як людзі могуць крычаць, лятаючы на гэтай гумцы. У мяне не было ніякай моцы нават піскнуць...

Ай, вось на гэтай аптымістычнай ноце я пакуль што прыпынюся, бо так прыемна хаця б у думках вярнуцца ў тыя часы, што больш ня хочацца нічога пісаць. Астатняе – наступным разам. Прада-праўда, не праз год!
From:
Anonymous( )Anonymous This account has disabled anonymous posting.
OpenID( )OpenID You can comment on this post while signed in with an account from many other sites, once you have confirmed your email address. Sign in using OpenID.
User
Account name:
Password:
If you don't have an account you can create one now.
Subject:
HTML doesn't work in the subject.

Message:

 
Notice: This account is set to log the IP addresses of everyone who comments.
Links will be displayed as unclickable URLs to help prevent spam.

January 2017

S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031    

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Oct. 20th, 2017 03:52 pm
Powered by Dreamwidth Studios