galinaed: (поні !!!)
[personal profile] galinaed
Некалісь я абяцала расказаць пра забавы для адпачывальнікаў у Сонечным Беразе. Думаеце, забылася на гэтае абяцаньне? Ні ў якім разе! Проста не было часу, а потым – і настрою пісаць менавіта пра забавы. А цяпер, як мне падаецца, - самы момант! Даўно хачу зьмяніць тэму на аптымістычную...

А што, не прайшло нават году! Дык на чым я там спынілася? Спачатку я расказала пра неахайнасьць і нядбайства баўгараў і пра ўтульнасьць гатэляў, а потым – пра харчаваньне і сваю незадаволенасьць кавай і гарбатаю.


Але ж ня хлебам адзіным жывы чалавек! Для добрага адпачынку абавязкова трэба мець магчымасьць ня толькі паваляцца на пляжы і паплаваць у моры, але і культурна правесьці свой час, калі ты больш ня можаш проста валяцца, забыўшыся пра ўсё на сьвеце.

IMG_4810

Калі ў вас ня “ол інклюзіў”, можна пацягацца па крамах, каб элемэнтарна набыць сабе піцьцё і ежу. Што мы і рабілі амаль кожнага дня адразу пасьля абеду, каб ня йсьці на пляж з поўным пузам :) Цэны на прадукты харчаваньня вельмі прыемныя: практычна ўсё таньней, чым у нас. Ну, што ж я паўтараюся – я ўжо прыводзіла цэны на шмат якія прадукты, і кожны можа параўнаць сам.

Аднак хаджэньне па крамах наўрад ці можна аднесьці да забаваў. Таму зьвернемся да мясцовага “Брадвэю”, які вядзе да мора. Менавіта там, на ўзьбярэжжы, знаходзіцца большасьць забаўляльных аб’ектаў. Ну і чаму я іх не фатаграфавала, вось скажыце мне? А таму што я ніякі не прафэсійны блогер і здымаю толькі тое, што мне самой цікава. Калі б я мела наўвеце, што буду пісаць пост пра адпачынак, – вядома ж, я нарабіла б шмат здымкаў розных карусэляў і іншых атракцыёнаў. А там іх ёсьць, як кажуць у Адэсе.

Шчыра кажучы, я зусім ня ведаю, якія атракцыёны цяперака ёсьць у маім родным горадзе, сталіцы Беларусі, – бо даўно не наведвала паркаў адпачынку. І таму ня маю магчымасьці параўноўваць. Аднак там, на ўзьбярэжжы, усе атракцыёны навідавоку, далёка ісьці ня трэба – карыстайся колькі хочаш, толькі даставай гаманец і плаці.

Для аматараў экстрэмальных забаў там увогуле рай. Я некалькі разоў каталася на такооооой круцёлцы, што нават цяпер дых займае, калі ўспамінаю. Сядаеш у кабінку - і цябе, як стрэлку гадзіньніка, пачынае хутка круціць па коле ўверх-уніз, і пры гэтым канец стрэлкі – то бо твая кабінка – павольна круціцца вакол восі, паралельнай зямлі. Атрымліваецца, што ты пэрыядычна апынаесься дагары нагамі і цябе нясе наўпрост тварам да зямлі... Гэта незабыўна! Адно скажу – цяжка знайсьці кампанію на гэты атракцыён, бо большасьць народу элемэнтарна баіцца. Ну, і кошт гэтай радасьці, шчыра скажу, немалы – калі не памыляюся, 14 эўра. Аднак уражаньні вартыя таго, каб патраціць на іх хай сабе і немалую суму, аднак гэта будзе нашмат цікавей, чым набыць, скажам, нейкую ня надта патрэбную шмотку.

А наступны ўпадабаны мной атракцыён ёсьць у мяне на фотках! Праўда, здымалі ў поўнай цемнаце – бо ўжо сонца схавалася за гарызонт, – таму якасьць фотак пакідае жадаць лепшага. Сьмешна сказаць, у гэтым атракцыёне ўвогуле няма ніякай тэхнікі, ніякага абсталяваньня – адна длінная пругкая гумка, да якой прымацаваны седачок, і дзьве апоры. Аднак уражаньні!!!

Спачатку цябе замацоўваюць рамянямі ў седачку.

IMG_4830

Потым, як у звычайнай дзіцячай рагатцы, гумку адпускаюць – і ты ляціш у космас!

IMG_4832

Ляціш, пакуль цябе нясе моц адпушчанай нацягнутай гумкі... А там космас кажа: “А цябе тут не чакалі, валі адсюль!” – і ты з усяе моцы вяртаесься да зямлі. Але, не дастаўшы зямлі, па інэрцыі зноў ляціш у космас – і так некалькі разоў, пакуль хопіць інэрцыі нацяжэньня.

IMG_4833

Некалькі хвілін страху – і ты вяртаесься на зямлю, цалкам агаломшаны тым, што з табою адбылося.

IMG_4834

Яны такія дзіўныя – калі цябе прымацоўваюць да гэтай гумкі, яны кажуць, што трэба моцна трымацца за канат і нельга адпускаць рукі. Паглядзела б я на іх, як яны трымаліся б за той канат, калі цябе з вар’яцкай сілай круціць у паветры вакол гэтага каната і ты, лятаючы ўверх-уніз, ня ў змозе ня тое што трымацца за нешта рукамі – ты ўвогуле нічога ня можаш, бо адчуваеш сябе пясчынкай, якую нясе непадуладная табе сіла. Я нават не зразумела, як людзі могуць крычаць, лятаючы на гэтай гумцы. У мяне не было ніякай моцы нават піскнуць...

Ай, вось на гэтай аптымістычнай ноце я пакуль што прыпынюся, бо так прыемна хаця б у думках вярнуцца ў тыя часы, што больш ня хочацца нічога пісаць. Астатняе – наступным разам. Прада-праўда, не праз год!

Date: 2014-03-20 05:46 pm (UTC)
From: [identity profile] lada-aleinik.livejournal.com
У мяне нават мову адняло... Вы крутая! Мала хто з маіх знаёмых рызыкнуў бы атрымаць кайф на гэтым атрыкцыёне! Нават пра саму сябе не ведаю. У юнацтве страшна любіла ўсялякі экстрым, а пасля са мной нешта адбылося - зрабілася празмерна асцярожнай, нават баязлівай.

Date: 2014-03-20 05:47 pm (UTC)
From: [identity profile] lada-aleinik.livejournal.com
І забылася дадаць, што Вы прыгожая!))
Я ж дасюль не ведала, як Вы выглядаеце, упершыню ўбачыла Ваш фотаздымак.

Date: 2014-03-20 07:24 pm (UTC)
From: [identity profile] galinaeditor.livejournal.com
Дзякуй за камплімэнт. Але дзе Вы там здолелі пабачыць прыгажосьць - якасьць фотак такая, што нічога не відаць :)

Date: 2014-03-20 07:44 pm (UTC)
From: [identity profile] lada-aleinik.livejournal.com
На першай фотцы ўсё цудоўна відно!)

Date: 2014-03-20 07:22 pm (UTC)
From: [identity profile] galinaeditor.livejournal.com
У мяне мама цяжка хварэла 19 гадоў, і я нікуды не магла паехаць. За гэты час прага прыгодаў, відаць, назапасілася ў празьмернай колькасьці, так што я цяпер радуюся жыцьцю як дзіця і бяз боязі навёрстваю прапушчанае.

Date: 2014-03-20 05:53 pm (UTC)
From: [identity profile] lianina-minsk.livejournal.com
як жжудасна...
У нас недзе такую ж катавалку бачыла...
Аніколі не палезу.

Date: 2014-03-20 07:32 pm (UTC)
From: [identity profile] galinaeditor.livejournal.com
Ну, каму што падабаецца. Мой муж таксама не рызыкнуў хапаць адрэналінчык на гэтых атракцыёнах. А мне дык вельмі спадабалася, люблю вострыя адчуваньні.

Date: 2014-03-20 07:35 pm (UTC)
From: [identity profile] lianina-minsk.livejournal.com
У маім узросце лепей на ціск глядзець, а не адрыналіну шукаць... Надта там моцныя перапады

Date: 2014-03-20 07:46 pm (UTC)
From: [identity profile] galinaeditor.livejournal.com
Пра ўзрост не рызыкну запытвацца, але мне падаецца, што я старэйшая. Хіба не?

Date: 2014-03-20 07:49 pm (UTC)
From: [identity profile] lianina-minsk.livejournal.com
Да я узросту не саромеюся. што есць, то ёсць - бяз лета 51 год (хутка будзе)... Але гэта звонку...
А у душы я яшчэ крыльцами бякаю ды як...
Edited Date: 2014-03-20 07:50 pm (UTC)

Date: 2014-03-20 08:00 pm (UTC)
From: [identity profile] galinaeditor.livejournal.com
Ну, у душы ўсе мы здаравякі :)

Date: 2014-05-21 04:17 pm (UTC)
From: [identity profile] blog.songdeck.ru (from livejournal.com)
Поддерживаю!

Date: 2014-03-21 06:09 am (UTC)
From: [identity profile] galinaeditor.livejournal.com
Мне падаецца, праблема ціску зусім ня ўзроставая. Мяне да маладзенькіх дзяўчынак ніяк не аднясеш - а праблемаў зь ціскам ніколі не было, хоць заўтра можна ў космас адпраўляць. А ў сына майго праблема ціску пэрыядычна нагадвае пра сябе. Праўда, у яго ў 14 гадоў была чэрапна-мазгавая траўма - мяркую, гэта яна паспрыяла.

Date: 2014-03-21 09:30 am (UTC)
From: [identity profile] lianina-minsk.livejournal.com
так, траўмы і спрыяюць.. У мяне таксама - пазванкі змясціліся. Нават на Супер-8 і не магу сесці...

Date: 2014-03-21 06:12 pm (UTC)
From: [identity profile] aurochset.livejournal.com
Дзякуй за допіс. Цікава. Зычу яшчэ незабыўных падарожжаў і прыгодаў! А таксама можна узмоцніць лінію экстрыму, калі Вам гэта падабаецца!

Date: 2014-03-21 07:32 pm (UTC)
From: [identity profile] galinaeditor.livejournal.com
Заінтрыгавалі. Якім чынам і дзе "можна узмоцніць лінію экстрыму"?

Date: 2014-03-22 06:32 am (UTC)
From: [identity profile] aurochset.livejournal.com
Я меў на ўвазе, што можна мэтанакіравана паехаць для экстрымальнага адпачынку, напрыклад, узімку паехаць у Альпы і пакатацца на горных лыжах ці сноўбордзе, а ўлетку паехаць у прадуўныя месцы пакатацца на віндсёрфінгу ці на кайце (ці навучыцца, калі Вы яшчэ ня ўмееце).

Хоць у гэтым годзе была першая зіма, што мяне самога не атрымалася зьезьдзіць у падарожжа пакатацца на лыжах, на тое былі сямейныя і працоўныя абставіны, цяпер чакаю лета, паспрабую нагнаць на віндсёрфінгу.

Date: 2014-03-22 06:40 am (UTC)
From: [identity profile] galinaeditor.livejournal.com
Мяне цікавіць перш за ўсё тое, што можна знайсьці ў нас, нікуды не выжджаючы. Таму і пытаюся. Альпы - мара жыцьця, але пакуль нязьдзейсьненая.
Так-так, што гэта такое - прадуўныя месцы? Ці можна падрабязьней? Гэта толькі на моры? І дзе той віндсёрфінг шукаць?
Толькі ня сьмейцеся з маіх пытаньняў - ну чайнік я ў гэтай справе, экстрэмальныя забавы люблю - але ня ведаю, дзе іх шукаць. Я бачыла віндсёрфінгістаў на акіяне. Але дзе той акіян - і дзе я. Вось каб нешта экстрэмальнае побач - тое было б файна. Мне б чагось даступнага. А то ўвесь мой эктстрым - калупаньне ў градах ды блуканьне па лясах :) Таму я была проста шчасьлівая палятаць у неба ў Баўгарыі.
Edited Date: 2014-03-22 06:48 am (UTC)

Date: 2014-03-22 07:26 am (UTC)
From: [identity profile] aurochset.livejournal.com
Я разумею Вас, мой цесьць калісьці пакатаўся на парасэйлінгу ў Баўгарыі (такі парашут, які цягнуць на тросе за кацерам), і, прыехаўшы, меў радасьці поўныя штаны.

Што датычыць віндсёрфінгу ў Беларусі, то патрэбна быць згодным катацца тут у гідракасьцюмах тады, калі яшчэ не зусім цёпла, таму што ў Беларусі, калі тампература вышэй за 25 градусаў, то ветру звычайна няма. Таму прасьцей і камфортней спачатку навучыцца ў цёплых месцах, таму спачатку ўсё-адно прыйдзецца крыху пападаць у ваду, прыемней падаць у цёплае мора, чым у халодную ваду Менскага мора. Там жа Вы зразумееце, падабаецца Вам віндсёрфінг ці не. Ці лепш заняцца катаньнем на роліках ці ровары, напрыклад. Каб катацца на віндсёрфінгу, трэба мець машыну, і патрэбна мець месца, дзе складваць дошку і ветразі. Калі захоўваць усё гэта ў платных сховішчах, то гэта дорага.

А на Менскім моры ёсьць пракат віндсёрфінгу, і ёсьць інструктар, але яны працуюць недзе з траўня звычайна. Калі тэлефон патрэбны, то знайду.

Покуль на Менскім моры яшчэ лёд, сябры паедуць заўтра ў надзелю на Навалукомскае вадасховішча за 200 км ад Менску, там электрастанцыя крыху падаграе ваду, астуджваючы свае ротары, таму лёд сыходзіць раней. Я заўтра буду працаваць, таму не змагу паехаць. А вецер заўтра будзе добры, 6 метраў у секунду з парывамі да 11. Але для першых крокаў на віндсёрфінгу, такі моцны вецер і не патрэбны, лепш 3-4 метры ў секунду. Таму патрэбны інструктар, каб навучыў адрозьніваць вецер і каб заняткі былі бясьпечнымі.

Date: 2014-03-22 07:42 am (UTC)
From: [identity profile] galinaeditor.livejournal.com
О, вельмі карысны камэнтар! Цікавая інфармацыя. Калі знойдзеце тэлефон, буду ўдзячная.

З парасэйлінгам (я й ня ведала, як гэта завецца) давялося пазнаёміцца ў Турцыі - нічога асаблівага, проста плывеш у небе і аглядаеш мясцовасьць, амаль тое самае, што на коле агляду ў парку адпачынку. Ня ўразіла. Пра ровар і ролікі і казаць ня буду - гэта вельмі даступна, але надта звычна. Хаця добра, што нагадалі пра ролікі: я адвезла свае на лецішча, каб катацца ў вольны час, - і гады чатыры не ўспамінала пра іх :) Трэба будзе выцягнуць і паезьдзіць, у нас там добрыя пагоркі - Менская града.

Date: 2014-03-22 06:24 pm (UTC)
From: [identity profile] aurochset.livejournal.com
Прабачце, быў ужо зьехаўшы на лецішча.

Вось тут тэлефон: http://www.windsurfing-by.org/page.php?issue_id=4

А дзе там Вы катаецеся на роліках? Там добры асфальт і без машын, пустэльна?

Date: 2014-03-22 06:27 pm (UTC)
From: [identity profile] aurochset.livejournal.com
І выявілася, што лёду ўжо мала, калі будзеце вольныя, можаце зьезьдзіць паглядзець заўтра ўдзень на суворых беларускіх катальшчыкаў на Менскае мора, у вёску Лапаравічы, гэта на поўначы Менскага мора.

Date: 2014-03-22 07:00 pm (UTC)
From: [identity profile] galinaeditor.livejournal.com
Ужо? Во даюць!
А паглядзець не змагу: заўтра плянуем зрабіць добры кавалак рамонту. Сёньня з мужам пачалі класьці ламінат у адным з пакояў, заўтра трэба скончыць, і яшчэ пасьпець паклеіць шпалеры пад шафу, бо ў панядзелак пляную вызваць майстра, каб замовіць шафу.

Date: 2014-03-22 06:52 pm (UTC)
From: [identity profile] galinaeditor.livejournal.com
Дзякуй вялікі за спасылку на сайт! Абавязкова скарыстаюся, даўно ўжо марыла пра такі адпачынак.

У нас на лецішчы на дарогах дзе асфальт, а дзе бэтонныя пліты, бо асфальт на схілах пагоркаў моцна падмываюць веснавыя ручаі. На сутыкі між плітамі ня вельмі прыемна заяжджаць на роліках, але я лёгкіх шляхоў не шукаю :)) А дзе асфальт - увогуле красацень, асабліва калі ляціш з гары ўніз. Машын, зразумела, там няма - яны ўсе на ўчастках каля дамоў, бо дарогі аднарадныя.

January 2017

S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031    

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Oct. 20th, 2017 03:48 pm
Powered by Dreamwidth Studios