galinaed: (поні !!!)
[personal profile] galinaed
Час бяжыць, хутка чарговае лета, а я дагэтуль не падзялілася ўражаньнямі пра свой мінулагодні адпачынак. Цяжка знайсьці вольны кавалачак часу, калі працуеш на трох працах. Ну, і ў дадатак я ня вельмі добра арганізоўваю свой расклад, здараецца, распыльваюся на розныя ня надта патрэбныя справы і часам чытаю тое, чаго чытаць ня варта :)

Аднак лепей позна, чым ніколі. Тым больш што яшчэ ня скончыўся пэрыяд раньняга браніраваньня (ведаю, што шмат хто заклапочаны цяпер пошукамі варыянтаў адносна недарагога адпачынку). І вось – мае водгукі па-беларуску пра адпачынак у Баўгарыі.

Вулічны рэстаран


У ліпені я зразумела, што калі не адпачну – сьвет проста перакуліцца. Або я звар’яцею. Працаваць штодзённа па 15—17 гадзін у суткі, зусім не адпачываючы, – гэта дрэнна ня толькі для здароўя, але і для працы. Кінулася шукаць “гарачыя пуцёўкі” – а там адны Турцыі, Грэцыі ды Эгіпты зь непрымальным для мяне бюджэтам. Улічваючы, што ў Турцыі ў 5-зоркавых гатэлях я ўжо адпачывала, можна гэтым разам выбраць больш сьціплы адпачынак: мора – яно будзе морам і ў Турцыі, і ў Крыме, і ў Баўгарыі.



Пачытаўшы водгукі пра адпачынак у Крыме, я адразу адпрэчыла гэты варыянт. Бо мне ўжо ня 20 гадоў, хочацца іншага ўзроўню...
Румынія? Можа быць, але іншым разам. Цяпер жа спынілася на Баўгарыі. Э-эх, але ж і кошты! Лепей было патурбавацца загадзя, але час назад не адкруціш і трэба выбіраць з таго, што маем. І тут мне пашэнціла: у мэтро пабачыла рэкляму турфірмы, якая мае ў Баўгарыі свае гатэлі і прапаноўвае нейкія нерэальна танныя (у параўнаньні зь іншымі!) пуцёўкі. Паглядзела сайт гэтай фірмы – і праўда, кошты цалкам прымальныя, толькі сам сайт нейкі глючны (як потым высьветлілася, сайт рабілі баўгары – і гэтым усё тлумачыцца :). Пакінула на сайце заяўку – там абяцалі, што са мною зьвяжацца мэнэджар кампаніі. Чакаю дзень, чакаю другі, трэці – ніхто не тэлефануе. Думаю – можа, там даўно скончыліся тыя пуцёўкі, а на сайце не абнавілі інфармацыю? Патэлефанавала сама – кажуць, ня бачылі маёй заяўкі. Ну як жа так? – Вось так, баўгары зрабілі такі сайт, што часам заяўкі бясьсьледна зьнікаюць. О_о
Цудоўненька!
На гэтым этапе ўзьніклі сумневы, але яны хутка расьсеяліся дзякуючы прывабнай цане, і я вырашыла не адступацца, прыехала ў офіс кампаніі і падпісала дагавор. У мэтах эканоміі выбрала праезд аўтобусам – і гэта быў ледзь не адзіны мінус у маім адпачынку. Але ў кожным недахопе пры жаданьні можна знайсьці і дадатныя бакі, у маім выпадку гэта была магчымасьць паглядзець праз вокны аўтобуса на месцы, якія мы праяжджалі: паўднёвую частку Заходняй Украіны, Румынію і саму Баўгарыю. Напрыклад, у Румыніі пабачылі паменшаную копію нашай Нацыянальнай бібліятэкі, будынак якой стаў цяперашнім сымбалем Менску. Гэта як? Аўтары праекту Нацыянальнай бібліятэкі бессаромна скапіявалі ідэю з румынскага арыгіналу? (прабачце за якасьць, фота зроблена ў сьпешцы праз акно аўтобуса, ды яшчэ ў вечаровы час):

IMG_4983

Падарожжа аўтобусам – гэта заўсёды даволі складана, але калі кіроўцы баўгары – складаней удвая. Ім хочацца хутчэй дадому, і таму яны амаль ня робяць прыпынкаў. Ня ведаю, мо яны езьдзяць у пампэрсах зусім ня п’юць вады і ніякіх іншых напояў, мо іхныя цягліцы зробленыя з чагосці адрознага ад усіх пасажырскіх цягліц, аднак факт такі, што яны зусім ня мелі жаданьня прыпыняцца. Яны настойліва ішлі ехалі да сваёй мэты, а жаданьні пасажыраў... – ды што ім тыя пасажыры? Хаця не, паабедаць мы заехалі ў прыгожы рэстаранчык на тэрыторыі Румыніі:


IMG_4984

IMG_4985

На месца мы прыбылі а пятай раніцы – кіроўцам гэта добра, бо яны ўжо амаль дома. А нам давялося чакаць восьмай ранку – менавіта ў гэты час мы мусілі прыехаць у гатэль, дзе нас сустрэў бы наш гід. Мы завалілі сваімі рэчамі палову холу каля рэсэпшэну і пайшлі знаёміцца зь мясцовасьцю.

IMG_4973



Авой, куды нас занесла нячыстая! Гэта курортны комплекс ці нейкі глухі закутак?

IMG_4980-1

Як назло, вока чаплялася за нейкія недахопы, і гэта сапраўды ўражвае сваёй неахайнасьцю і бязладнасьцю

IMG_4976-1
IMG_4972-1

Ходнікі? Навошта вам ходнікі?
IMG_4968

Ну добра, наце вам ходнікі! Ну і што, калі незаасфальтаваныя, затое яны ёсьць! Праўда, недалёка вядуць...
IMG_4967

Забягаючы наперад, скажу пра сваё адкрыцьцё: баўгары – гэта замаскаваныя рускія! Іхныя мэнталітэты вельмі падобныя. Таму яны і любяць адны другіх.

Не гатэль (жылы дом)
IMG_4964


IMG_4963

Але ж ля гатэлю – прыгожа!



І калі мы засяліліся ў нумары, я сфоткала краявід зьверху:



Чытала розныя водгукі пра баўгарскія гатэлі: што дзесьці амаль не прыбіраюць у нумарах, і бялізну даюць дзіравую, і нават могуць пасяліць ня ў той гатэль, куды абяцалі. Таму сьведчу: прыбіралі ў нумары кожны дзень, ручнікі і пасьцельную бялізну мянялі своечасова (ручнікі – раз у тры дні, бялізну – раз у шэсьць дзён), у асабістых рэчах ніхто не калупаўся. Тараканаў не было, нумары даволі ўтульныя і дастаткова чыстыя (ну, калі асабліва не чапляцца і не заўважаць чужых валасоў на падлозе :).  Шампунь трэба мець свой; мыла мець пажадана, але неабавязкова, калі яго расходаваць эканомна (мо камусьці хапае і таго, што даюць); туалетнай паперы кожны дзень зьяўляецца новы рулон незалежна ад таго, колькі вы скарысталі з папярэдняга рулона.

Абарыгены зьдзівілі тым, што ім лянота самім прыгатаваць сабе каву і яны, каб папіць гэтага напою, выходзяць з дому і карыстаюцца кава-аўтаматам. Зранку нават чэргі здараюцца...
IMG_4977

У нашым гатэлі былі нумары-студыі, гэта значыць акрамя звычнай мэблі і тэхнікі ў нумары быў кухонны куток з панэльлю для прыгатаваньня ежы і ўсім патрэбным посудам. Улічваючы выбар і кошты розных мясных выразак у крамах (сапраўды танна ў параўнаньні з нашымі цэнамі), аматарам мяса там можна было проста жыраваць, гатуючы сабе кожны дзень што-небудзь смачненькае. Але я раўнадушная да мяса ў чыстым выглядзе, а ўсякія катлеты ці гародніну гатаваць падчас адпачынку – гэта проста вар’яцтва. Бо я прыехала сюды АДПАЧЫВАЦЬ!

Мясцовы “Брадвэй”




А што, я дагэтуль не паведаміла, дзе я адпачывала? Дык у Сонечным Беразе! Якія там пляжы! Гэта вам ня Крым, дзе самы вялікі пляж цягнецца ня больш як паўтара кілямэтра. Тут ажно вочы разьбягаюцца: у адзін бок – 5 км, і ў другі бок – столькі ж. Наш гатэль – пасярэдзіне курорту. Хочаш – ідзі налева, хочаш – ідзі направа. Пляжы бясплатныя. А вось лежакі і пляжныя парасоны – тыя каштуюць столькі, што нават ня ведаю, хто за іх плаціць, калі і сонечны парасон, і падсьцілку можна набыць тут жа, на мясцовым базары.



Відаць, за  лежакі і пляжныя парасоны плацяць спрэс адны немцы – хто ж яшчэ не пашкадуе штодзённа выкідаць на вецер 2 лева за адно месца пад навесам + 2 лева за кожны ляжак: за дваіх трэба адразу выкласьці 8 леваў, а гэта 4 эўра. Ну іх! Хай немец плаціць, а мы прыехалі з сваёй падсьцілкаю (яна, між іншым, вельмі патрэбная ў аўтобусе, калі сьпіш, бо ўначы становіцца халодна, прынамсі ў верасьні, калі мы езьдзілі), а парасон купілі за 14 леваў, ці 7 эўра, – ён акупіўся за два дні.

Калекцыя гэдээраўскіх “трабантаў” :)
IMG_4969

Я трохі непакоілася наконт надвор’я, бо хто яго ведае, чаго чакаць у верасьні. Водгукі знаходзіла розныя, аднак большасьць зь іх сьведчылі пра добрае надвор’е ў верасьні. І праўда, усё было цудоўна: мора – цёплае, а гэта галоўнае. Праўда, часамі дзьмуў халаднаваты вецер, які асабліва адчуваўся ў аквапарку на самых высокіх горках, але ніякіх дажджоў не было. А сонца мне ўвогуле непатрэбнае, я ніколі не загараю пад сонцам, хаваюся пад парасон, так што нават узрадавалася, калі на трэці дзень выйшла зранку на гаўбец і пабачыла, што неба ўсё абкладзенае хмарамі. Але не кажы “гоп”, пакуль ня скокнуў! Пакуль мы сьнедалі, амаль усе хмары некудысь сплылі...

Цуда-дрэва амаль побач з нашым гатэлем
IMG_4974


І на сёньня, бадай, скончу. Яшчэ пляную расказаць пра харчаваньне, забавы і пра горад Нэсэбар
From:
Anonymous( )Anonymous This account has disabled anonymous posting.
OpenID( )OpenID You can comment on this post while signed in with an account from many other sites, once you have confirmed your email address. Sign in using OpenID.
User
Account name:
Password:
If you don't have an account you can create one now.
Subject:
HTML doesn't work in the subject.

Message:

 
Notice: This account is set to log the IP addresses of everyone who comments.
Links will be displayed as unclickable URLs to help prevent spam.

January 2017

S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031    

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Oct. 20th, 2017 03:49 pm
Powered by Dreamwidth Studios