galinaed: (поні !!!)
Учора я была двойчы пачаткоўцам!
Па-першае, прымерыла на сябе ролю аматара батанікі - у гэтай ролі я спрабавала сябе толькі ў дзяцінстве, калі зьбірала гербарый.
А па-другое, дачка аддала мне свой стары фотаапарат, і трэба была павучыцца працаваць зь ім, таму што ён больш складаны за мой.
Дома вельмі халодна (повад пазайздросьціць тым, хто жыве ў сваіх дамах і не залежыць ад цэнтралізаванага ацяпленьня), таму выправілася грэцца на вуліцу. І скіравалася не ў найбліжэйшы парк, а ў месца сваёй маладосьці, дзе я трохі папрацавала ў інстытуце, - у Шчомысьліцу. Месца гэтае вядомае сваёй унікальнай дубровай - а ўнікальная яна тым, што там дубы растуць побач зь елкамі. Біёлагі кажуць, што такога больш нідзе няма, таму што звычайна елкі закісьляюць глебу, а дубы ў кіслай глебе не растуць. І з гэтай прычыны дуброве ў Шчомысьліцы ў 1985 годзе надалі статус помніка прыроды. Ну чым не нагода паехаць туды?

Шпацыр па ахоўнай зоне атрымаўся вельмі зьмястоўным і цікавым, таму што ў якасьці гіда нас суправаджаў прафэсійны біёлаг Алесь Спіцын, а сам шпацыр быў арганізаваны ў межах Фэсту экскурсаводаў, які штогод ладзіцца ў перадапошнія выходныя красавіка.

Айда на шпацыр! )
galinaed: (поні !!!)
Учора трапіла на адкрыцьцё дзівоснай выставы. Выстава фотамастачкі Ларысы Пашкевіч. І цяпер хаджу як у чароўным сьне. Усё мне мрояцца нейкія дзіўныя малявідлы... Ну праўда! Аднойчы ў мяне ўжо было падобнае - калі я пабачыла будынак парлямэнту ў Будапэшце. Тады я заскочыла на нейкую касьмічную хвалю і захоплена пражыла на ёй цэлы тыдзень. Ці нават болей... Ня памятаю ўжо. Але ж які эфэкт быў! Душа ажно стагнала ад захапленьня.

І вось зьявілася новая "страва" для душы - макрафатаздымкі Ларысы Пашкевіч. Кожны здымак - шэдэўр. Не жартую. А ўсе здымкі разам - чароўны сьвет. Захапляльны сьвет...

Нейкі космас... )

На адкрыцьці выставы адзін масьціты фатограф мусіў прызнацца, што ён ТАК фатаграфаваць ня ўмее. Лепшага прызнаньня і не прыдумаць.
Калі каму цікава зазірнуць у казачны сьвет рэальнасьці (во сказанула - гэта ж нейкі аксюмарон, кшталту "сухая вада"), шмат здымкаў чараўніцы-Ларысы можаце пабачыць тут і тут.
galinaed: (поні !!!)
Гэта працяг аповеду пра падарожжа ў цёплыя краіны. Пачатак можна знайсьці тут:
У Нью-Ёрку.
Пуэрта-Рыка (горад Сан-Хуан).

Добра адагрэтыя ў цёплай краіне Пуэрта-Рыка, наступнае раніцы ў чаканьні такога самага цяпла мы радасна выгрузіліся на бераг востраву Сьвятога Марціна. Гэты самы малы ў сьвеце з усіх заселеных людзьмі астравоў – колькі таго вострава! – умудрыўся быць падзеленым на дзьве часткі, якімі кіруюць розныя краіны. Мы высадзіліся ў паўднёвай частцы, якая афіцыйна ўваходзіць у склад Нідэрляндаў, але гэта амаль цалкам самакіравальная тэрыторыя. Ну дзе тыя Нідэрлянды і дзе той іхны Сінт-Мартэн (па-нідэрляндзку востраў называецца Sint Maarten)!

Адпачнем у Філіпсбургу )
galinaed: (поні !!!)
Пачатак.
Значыцца, паплыла я ў далёкія краіны. Плыць у акіяне трэба было ажно тры дні, зусім ня бачачы аніякіх берагоў ці выспаў. Толькі акіян. Але ж той плавучы дом, у якім мы плылі, – гэта нештачка. Там ня два ў адным і нават ня пяць у адным – там усё ў адным!

Адаспаўшыся ў першы дзень (бо была прыбалела ў тым заледзянелым Нью-Ёрку), на другі дзень я пайшла знаёміцца з лайнэрам. Як выявіла разьведка, лайнэр – гэта адначасова:
- транспартны сродак;
- гатэль з прыгожым і ўтульным холам, і акуратным, ветлівым і далікатным пэрсаналам;
- процьма рэстаранаў і буфэтаў, у якіх можна кругласутачна і бесьперапынна есьці ўсё, што хочацца, бо харчаваньне ўваходзіць у кошт квіткоў; і ў якіх вечарамі ладзяць шыкоўныя музычныя праграмы на любы густ, так што часам бывае цяжка вызначыцца, куды лепей пайсьці;
- два басэйны зь міні-аквапаркам і два джакузі;
- трэнажорная заля;
- бібліятэка;
- мастацкая галерэя з аўкцыёнам;
- вялікая канцэртная заля;
- клюбы па інтарэсах;
- дзіцячыя пакоі з арганізатарамі забаў, куды бацькі могуць здаваць сваіх дзетак на цэлы дзень, каб нішто не перашкаджала займацца тым, чым хочацца (во, напісала так, што адразу і не зразумееш, КАМУ каб нішто не перашкаджала; але выпраўляць ня стану, бо насамрэч чым хочацца займаліся як бацькі, так і дзеці);
- валейбольна-баскетбольныя пляцоўкі, абгароджаныя сеткай (каб мяч не ўляцеў у акіян);
- бегавыя дарожкі;
- вечаровыя дыскатэкі;
- більярдная;
- тэнісны корт;
- крамы Duty free;
- скаладром (сьцяна для альпіністаў).

Пагуляем па Сан-Хуане )

Працяг.
galinaed: (поні !!!)
Не магу прайсьці міма і не захаваць сабе такую цудоўную падборку калядных песень. Адно што ў Опэры гэтая падборка не працуе, але для гэткага выпадку ёсьць Гугл Хром.



30 калядных песень: ад старажытных да сучасных (слухаць)
galinaed: (поні !!!)
Зіма ў нас нейкая абы-якая – мне такая зусім не падабаецца. Люблю, каб зімой было шмат сьнегу. А калі на зямлі няма сьнегу – мусіць расьці трава! Скажаце – зімой травы не бывае? Яшчэ як бывае! Асабліва калі знаходісься дзе-небудзь блізка да экватара…

Набыўшы новы манітор, я захацела паглядзець, як на ім выглядаюць мае фоткі, зробленыя ў экзатычных месцах, дзе мне пашчасьціла пабываць год таму. А як стала глядзець – мммм…

І вось я вырашыла падзяліцца тымі ўражаньнямі, бо наўрад ці хто з маіх сяброў быў ці калі-небудзь будзе ў тых мясьцінах. Дый сама я ніколі туды ня трапіла б, калі б мне не зрабілі на дзень народзінаў падарунак у выглядзе… круізу на Карыбы. Ну, так часам бывае, што прыяжджаеш да кагосьці ў адпачынак, круцісься вечарамі ў гаспадароў пад нагамі – дык каб больш не круцілася, цябе вырашаюць адправіць куды-небудзь далей… Жартую :))

зьбіраюся ў цёплыя краіны )
Працяг.
galinaed: (аўтобус)
Вырашыла дапоўніць сваімі фотамі грунтоўны допіс [livejournal.com profile] veragodna пра вандроўку па Міншчыне. Я чакала гэтага допісу, ня толькі каб параўнаць свае ўражаньні з уражаньнямі іншых, але і каб суцешыць сябе думкаю, што мне няварта пісаць тое, пра што ўжо напісалі іншыя. Аднак гэтыя шаноўныя вандроўнікі ня бралі экскурсіі ў сярэдзіну Нясьвіскага палацу, і таму мае фоты могуць быць цікавымі для тых, хто цікавіцца падарожжамі і даўніной.
пройдземся па палацы )
galinaed: (поні !!!)
Славуты фагатыст і даследчык музыкі Аляксей Фралоў запрашае на публічную лекцыю "Беларуская музычная Атлантыда: перспектывы ў кантэксце культурных і антыкультурных працэсаў". Лекцыя адбудзецца ў межах цыклу Urbi et Orbi ("Гораду і свету") Лятучага ўніверсітэта і міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь" 29 траўня а 18.30 у мінскай Галерэі Ў (Незалежнасці, 37а), уваход вольны!

Паглядзець лекцыю можна будзе тут. Аляксей Фралоў - незвычайны чалавек. Ведаю яго больш за 15 гадоў - і заўсёды адчуваецца ягоная пазытыўная энэргія. Здаецца, Аляксей асьвятляе сабой навакольле - настолькі ён сьветлая асоба. Моцна перажывае за беларушчыну і шмат працуе на яе карысьць. Такіх людзей мала - адзінкі, але гэтыя адзінкі робяць такі ўнёсак у гісторыю і культуру нашай краіны, якога ня робяць мільёны іншых, звычайных інтэлігентаў, разам узятых.

Пакажу некалькі фатаздымкаў, зробленых падчас вандроўкі па Меншчыне ў 2009 годзе.
У Заслаўі ля гарадзішча, дзе ў другой палове XVI — пачатку XVII стагодзьдзя на месцы сярэднявечнага замчышча быў збудаваны бастыённы замак:

IMG_0657
Яшчэ тры фота )

А яшчэ хачу захаваць скарочаны варыянт гутаркі Глеба Лабадзенкі з Аляксеем Фраловым:

Нам ёсьць чым ганарыцца і што цаніць )Няма краіны, дзе ўсплёск культуры быў бы перманентны. Але Еўфрасіння і Скарына – рэдкія народы мелі тады такіх асобаў і такую іх спадчыну. "Не ў Парыжы, а ў Нясьвіжы" збудаваны другі барочны храм у Еўропе. Нашае віленскае барока – такога няма нідзе. І ў музыцы ў многіх момантах мы маем сапраўдныя зорныя часы. Тут захаваліся ўнікальныя глыбінныя старажытнейшыя пласты фальклёру, стваралася выдатная еўрапейская прафесійная культура, былі свае таленты і геніі.
galinaed: (поні !!!)
Сёньня я хачу зрабіць падарунак усім, хто гэтага пажадае. Можаце лічыць гэта калядным падарункам! Мне пашчасьціла наведаць Шоў цягнікоў (Train Show) у Батанічным садзе Нью-Ёрку – незабыўнае відовішча! Мяркую, што няшмат каму з маіх суайчыньнікаў пашчасьціць (ці ўжо пашчасьціла) трапіць на гэтае шоў, таму я пакажу шмат з таго, што пабачыла на свае вочы.
Train Show экспануецца ў Батанічным садзе нью-ёрскага раёна Бронкс з 16 лістапада да 12 студзеня. Мо хто яшчэ пасьпее туды? Не пераблытайце толькі Батанічны сад Бронкса з Батанічным садам Кўінса! І ўлічыце, што праезд на цягніку ў 6 разоў даражэйшы, чым на мэтро (а да сада ідзе толькі цягнік; калі ж захочацца ехаць на мэтро, тады давядзецца ісьці праз палову Бронкса). Дый уваход каштуе па 20 даляраў на аднаго дарослага. Ну, а тым, хто і не зьбіраўся пускаць свае грошыкі на такія забавы, я дару магчымасьць наведаць шоў цалкам бясплатна! Разам са мною.

Не прапусьціце! Бясплатная экскурсія! )
galinaed: (поні !!!)
спачатку трохі зацягнутая прадмова :)) )

У краме Баўгарыі, выбіраючы сабе да страваў кэтчуп, пабачыла на адной з бутэлек дзіўны надпіс: "100 грамаў кэтчупу ўтрымлівае 187 грамаў таматаў". Пасьмяялася: ці яны думалі галавою, калі пісалі такое? Як у 100 грамах можа быць 187 грамаў? Яшчэ напісалі б, што ў бутэльцы аб'ёмам 0,3 літра знаходзіцца 0,5 літра кэтчупу! Пашкадавала, што не ўзяла ў краму фотаапарата - сфатаграфавала б гэты дзівосны надпіс.
Ідучы ў гатэль, пасьмейвалася з гэтых дзівакаватых баўгараў, аж пакуль да мяне раптам не дайшло, што яны хацелі сказаць гэтым надпісам. Авохці, думаю, адпачынак аслабляе розум ці гэта мора так уплывае або сонца? І ўсё-ткі, яны мусілі б напісаць па-іншаму, каб было зразумела любому разьняволенаму адпачывальніку... І вось скажыце мне, а вы б адразу скемілі, пра што там вядзецца?
galinaed: (поні !!!)
У літоўцаў гэта Ёнінес, у латышоў - Ліго, у беларусаў і ўкраінцаў - Купалле, у французаў - Сэн-Жан, у італьянцаў - Сан-Баціст, у гішпанцаў - Сан-Хуан, у ангельцаў - Сэнт-Джон.



Слова «купала», як і «Купалле», мае некалькі трактовак. Найбольш пашыраная — ад старажытнаславянскага «купець» (гарэць). Выдзяляецца таксама індаеўрапейскі корань «куп» — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лацінскага cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон.

У кнізе беларускага вучонага Станіслава Цярохіна "Перунова цяпельца" ((Мінск, 1993) чытаем: 
«Сучасныя даследчыкі, прынамсі, такія вядомыя, як акадэмік Б. Рыбакоў, А. Ліс, В. Мартынаў і іншыя, звязваюць паходжанне назвы свята з агнём, з купальскім вогнішчам. На Палессі дагэтуль яшчэ дзе-нідзе агонь называюць купалам: "Купалу запаліў, гарэла купала, расклаў купалу". Пра тое ж сведчыць і фальклор: "...дзеўка агонь раскладала, хто гэта купалу разлажыў"».

Іншыя назвы сьвята:
ст.рус.: Купала, Колосок, Кресъ;
укр.: Сонцекрес, Иван-травник, Иван-Купала, Копальний Іван, Первый покос, Варфоломій і Варвара; 
літ.: Rãsos, Rasa (Сьвята Расы), Saulės (Дзень Сонца), ; 
балг.: Водицы, Духов-день, Еньовдень, Яневден, Иванден, Ивъндън, Иван бильобер, Драгийка; 
польск.: Sobótki;
бел.: Сьвята летняга сонцавароту, Сьвята Сонца і каханьня, Ян шчыры, каляровы, чысты, Ян Вядзьмарскі; 
русін.: Лада;
серб.: Св. Jован Игритель, Ивањдан, Ивандан;
ням.: Johannistag, Johanni, Johannestag;
рас.: Ярилин день (яросл., твер.), Кокуй (новг.).

Царкоўнікі называлі гэтае сьвята д'ябальскім заняткам.

З Густынскага летапісу: 
«Сему Купалу, бесу, яшчэ і донынь... неразумныя памяць ушаноўваюць, наченше іюня 23 дня... звечара збіраюцца прастая чадь, обоего полу, і соплетаюць сабе вянцы з зелля, або карэння, і, аперазаўшыся быліем, раскладваюць агонь... і, узяўшыся за рукі, ходзяць вакол гэтага агню, спяваюць свае песні... потым цераз гэты агонь пераскокваюць».

Расейскі фальклярыст П. А. Бяссонаў пісаў, што ў Купальскім сьвяце «сабрана ўсё, што толькі ёсьць для беларускіх сялян з самага сьвяточнага, таямнічага, захапляльнага, радаснага і гульлівага на працягу ўсяго лета».

Цікавае апісаньне сьвяткаваньня Купалы ў вёсцы Спорава выкладзена тут.

January 2017

S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031    

Syndicate

RSS Atom

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jul. 20th, 2017 08:38 pm
Powered by Dreamwidth Studios