galinaed: (поні !!!)
Слухала ўчора радыё “Сталіца”, і мне моцна закарцела правесьці наступны занятак мовы. Разумею, што ніхто са “Сталіцы” мяне не чытае, аднак лічу патрэбным разгледзець памылкі вядоўцаў. Адна справа, калі нехта робіць памылкі ў гутарцы са сваімі сябрамі, і зусім іншая – калі кагосьці слухае вялізная аўдыторыя, тады ёсьць рэальная небясьпека, што памылкі будуць падхопленыя часткай аўдыторыі. “Так па радыё казалі!” – жалезны аргумэнт.

абураюся )

galinaed: (поні !!!)
Мае беларускамоўныя суайчыньнікі ў большасьці сваёй вырасьлі не ў беларускамоўным асяродзьдзі, і таму вельмі часта пры маўленьні ці напісаньні не адразу мысьляць па-беларуску, а перакладаюць свае думкі на беларускую мову. У сувязі з гэтым  часта ўзьнікаюць памылкі перакладу – калі падбіраецца няправільны адпаведнік у беларускай мове або выкарыстоўваецца відавочны русізм.

Разгледзім найбольш частыя памылкі перакладу.

Паколькі.  Гэты злучнік-русізм даўно “ўзаконены” афіцыйнымі слоўнікамі, аднак нельга забывацца на тое, што гэтае слова неўласьцівае беларускай мове – у нас ёсьць добрыя беларускія адпаведнікі раз ужо, а як, таму што, бо. У слоўніках прыводзяцца прыклады ўжываньня: Стрэлкі, якая раней вяла на ветку [чыгункі], не было, відаць, яе проста знялі, паколькі ветка не дзейнічала (Лынькоў). Паколькі мы знайшлі цябе ў лесе, тваё прозвішча будзе — Лясны... (Шахавец). Наважымся ўдасканаліць клясыкаў: Стрэлкі, якая раней вяла на ветку [чыгункі], не было, відаць, яе проста знялі, таму што (бо) яна не дзейнічала. Раз ужо (А як, Таму што) мы знайшлі цябе ў лесе, тваё прозвішча будзе — Лясны... Пагадзіцеся, так сказы выглядаюць натуральней і прыгажэй.

Заўгодна.  Гэты русізм таксама трывала “прапісаўся” ў некаторых нашых слоўніках, аднак відавочна, што слова гэтае – скажоная расійская часьціца “угодно” і яго лепш замяняць іншымі словамі.  Напрыклад, РБС (у якім слова заўгодна адсутнічае) прапануе наступныя варыянты перакладу:  какой угодноякі хочаш, які хочаце; (всё равно какой) абы-які; (всякий) усякі; кто угоднохто хочаш, хто хочаце; (всё равно кто) абы-хто; что угодношто хочаш, што хочаце; (всё равно что) абы-што; где угоднодзе хочаш, дзе хочаце; (всё равно где) абы-дзе; (везде) усюды; когда угоднокалі хочаш, калі хочаце; (всё равно когда) абы-калі; (всегда) заўсёды; как угодно як хочаш, як хочаце; (всё равно как) абы-як; куда угоднокуды хочаш, куды хочаце; (всё равно куда) абы-куды; откуда угодноадкуль хочаш, адкуль хочаце; (всё равно кто) абы-адкуль; (отовсюду) адусюль; сколько угодноколькі хочаш, колькі хочаце; (всё равно сколько) абы-колькі.

Прыходзіцца/прыйсьціся.  Добрыя беларускія словы, аднак не заўсёды менавіта яны адпавядаюць расійскім приходиться /прийтись. Калі мы хочам выказаць у безасабовым сказе пра тое, што сталася непазьбежным, тады гэтыя словы цалкам дарэчы: ему пришлось уйтияму прыйшлося сысьці (хаця тут можна выкарыстаць і іншы адпаведнік – давесьціся: яму давялося сысьці). А вось для іншых значэньняў словаў приходиться /прийтись словы прыходзіцца/прыйсьціся не падыходзяць! Зазірнем у РБС:
прийтись 1) (оказаться подходящим) падысці; обувь пришлась мне впоруабутак падышоў мне якраз; 2) (об ударе) трапіць (па чым); удар пришёлся по ногеудар трапіў па назе; 3) (совпасть) прыпасці (на што); праздник пришёлся на пятницусвята прыпала на пятніцу...
Калі хочам вызначыць сваяцтва, тады ўжываем слова даводзіцца: она приходится ему племянницейяна даводзіцца яму пляменьніцай.
З улікам напісанага перакладзем правільна сказ, які скажае рэчаіснасьць (бо насамрэч прыведзеная лічба датычыцца толькі тых, хто працуе і атрымлівае заробак – а акрамя такіх ёсьць яшчэ пэнсіянэры, інваліды, студэнты і дзеці): “На каждого белоруса в среднем приходится 400 долларов дохода в месяц”: На кожнага беларуса (які працуе!) у сярэднім прыпадае 400 даляраў у месяц. Цяпер перачытаем атрыманы сказ. Ну і як вам? Я ня ведаю, куды глядзяць рэдактары, але як па-расійску, так і па-беларуску сказ выглядае каструбаватым, бо прыпадаць-приходиться можа толькі тое, што не залежыць ад суб’екта выказваньня, напрыклад: На 100 жыхароў Беларусі прыпадае 1,5 супрацоўніка МУС. Яшчэ прыклад: На кожнага беларуса ў год прыпадае 12,5 літра ў пераліку на абсалютны алькаголь. А пра заробленыя грошы правільней сказаць так: Сярэдні заробак беларуса склаў 400 даляраў у месяц. Ці так: Беларус зарабляе ў сярэднім 400 даляраў у месяц. Але пагадзіцеся, гэта ўжо памылкі зусім не перакладу, а стылю ў цэлым, прычым і ў расійскай мове таксама. Дый прапагандысцкія хітрыкі сыгралі тут не апошнюю ролю.

На сёньня ўсё. Працяг будзе.
Сачыце за сваёй мовай!
galinaed: (поні !!!)
На жаль, ня маю часу праводзіць  “заняткі мовы” так часта, як хацелася б, аднак сёньня нарэшце выкладу некаторыя назьбіраныя заўвагі.

Зьбіраць памылкі мне дапамагае апошнім часам маё любімае радыё “Сталіца” (мне падабаецца іх музычны фармат), якое я слухаю заўсёды, калі гатую ежу. Улічваючы, што кожная сямейная гаспадыня, якая не карыстаецца паўфабрыкатамі, штодзённа траціць на гатаваньне ежы ад адной да трох гадзін, лёгка зразумець, што хаця збольшага вядоўцы радыё “Сталіца” гавораць правільна, аднак усё роўна можна лёгка назьбіраць матэрыял для крытыкі :) Бо радыёвядоўцы і журналісты, як і большасьць жыхароў Беларусі, жывуць у расійскамоўным атачэньні, і пазбавіцца ўплыву гэтага атачэньня на нашу мову часам бывае нялёгка.

Вось і атрымліваецца, што, ведаючы ўсе словы па-беларуску і нават прамаўляючы іх па-беларуску, дыктары радыё часам гавораць не на беларускай мове! І мне становіцца скрушна, калі чую па радыё выразы тыпу “зьдзекуюцца над жывёлай”, “сьмяесься нада мной”, “пакладзіцеся на сяброў”, “прыступілі да будаўніцтва”... Працягваць можна доўга, але лепей зоймемся разборам.

Спачатку паправім прыведзеныя вышэй прыклады:

“зьдзекуюцца над жывёлай”, “сьмяесься нада мной” – тут адразу рэжа слых памылка кіраваньня. Па-беларуску словы зьдзекавацца, сьмяяцца, іранізаваць вымагаюць прыназоўніка з і назоўніка ў родным склоне, таму правільна будзе зьдзекуюцца з жывёлы, сьмяесься зь мяне. Хаця я сказала б зьдзекуюцца з жывёліны – бо слова жывёла ў традыцыйнай беларускай мове часьцей выкарыстоўваецца як зборнае, а для адзінкавай асобіны лепш ужыць слова жывёліна.

“пакладзіцеся на сяброў” – гэта ўжо ні ў якія вароты. Можна на кагосьці ці штосьці спадзявацца, разьлічваць, можна камусьці ці чамусьці давярацца або проста давяраць, таксама можна быць упэўненым у кімсьці ці чымсьці, а “пакладацца” – нават немагчыма ўявіць, як гэта робіцца. Легчы на сяброў і ляжаць? Гы. Трэба быць сур’ёзьней, даражэнькія! Такім чынам, маем шмат добрых варыянтаў, каб выказаць тое, што хацеў сказаць радыёвядоўца: разьлічвайце/ спадзявайцеся на сяброў, даверцеся/давярайце сябрам, будзьце ўпэўненымі ў сябрах.

“прыступілі да будаўніцтва” – гэта ах і вох, як той казаў. Ну чаму “прыступілі”? Чаму не пачалі будаўніцтва, не ўзяліся будаваць? Ад якога слова магло ўтварыцца гэтае “прыступіць”? Ад прыступкі ці ад ступіць? Самае непрыемнае, што афіцыйныя слоўнікі дазваляюць так казаць – “прыступілі да будаўніцтва”, – але мне такія выразы падаюцца жудаснай канцыляршчынай, жывы чалавек ня можа так казаць.

Гэтаксама жывы чалавек ня можа сказаць “у маючым адбыцца парадзе”. Нават у расійскай мове адпаведны выраз гучыць вельмі непрыгожа і прыдатны выключна для бюракратычных зводак, а ў беларускай мове дык увогуле патыхае мярцьвячынай. Адукаваны дыктар скажа: у парадзе, які адбудзецца... А звычайны чалавек скажа карацей: у парадзе. З кантэксту і так будзе зразумела, што размова вядзецца пра парад, які яшчэ не адбыўся, а які толькі заплянаваны. Можна і ўдакладніць: у заплянаваным парадзе або у парадзе, які адбудзецца ў дзень...

Яшчэ выдатныя прыклады бюракратычнага шаблёну: “валодаюць уласьцівасьцямі”, “валодае некалькімі замежнымі мовамі”. Я без разваг праўлю такія выразы на маюць уласьцівасьці, ведае некалькі замежных моваў. Бо не сустракала людзей, якім падабаліся б сухія (я б сказала – высушаныя, зьнявечаныя) бюракратычныя выразы. Ведаю, што слоўнікі дазваляюць такія выразы і што мяне можна абвінаваціць у густаўшчыне, але скажыце шчыра: вы калі-небудзь чулі падобныя выразы ад звычайнага чалавека? Ну ўявіце сабе, што нейкая бабуля кажа: “Мой унук валодае нямецкай мовай”. Немагчыма? Вось і не кажыце так, валодайце сабой.

Цяпер зьвернемся да слова “кропка”. Часта можна пачуць: кропка доступу, кропка прызначэньня, гандлёвая кропка, населеная кропка, кропка адліку. Гэта ж невыносна для беларускага вуха! У беларускай мове слова “кропка” азначае толькі знак, які звычайна ставім у канцы сказа. Ну ці куды яшчэ, калі хочацца, але звычайна туды ставяць птушачку, бо яна лепш заўважная. Яшчэ кропкі ўжываюцца ў абазначэньні смайліка і ў літарах і і ё. Усё! Астатнія “точки” – гэта пункты, запомніце гэта назаўжды! Таму маем: пункт доступу, пункт прызначэньня, населены пункт, пункт адліку, пункт гандлю ці гандлёвы пункт.

Зачапіўшы пункт доступу, упамяну такую частую памылку, як “бесправадны”. Я разумею, што ёсьць беларускія словы газаправод і нафтаправод, утвораныя ад слова праводзіць, але гэта не азначае, што існуе слова “бесправадны”. Хаця спалучэньне там праводзіцца (праз паветра), аднак яно праводзіцца бяз дроту і таму называецца бяздротавым.

На сёньня ўсё. Усім добрага настрою і прыгожай мовы! Наступны разбор памылак адбудзецца ня ведаю калі, аднак пастараюся не зацягваць з гэтай справай.

слоўнікі ня хлусяць! )
galinaed: (Default)

Вырашыўшы пісаць пра моўныя памылкі, стала занатоўваць сабе часта сустраканыя памылкі. І вось назьбірала ўжо добрую калекцыю, а пісаць няма калі. Паабяцала сабе, што знайду час у суботу. Выконваю абяцаньне :))

Сёньня разгледзім памылкі ў націсках. У расейскай мове пры напісаньні няма розьніцы, дзе той націск, а ў беларускай чаргаваньне о /а і е /я прымушае ведаць, дзе ставіць націск, бо часам бязь веданьня месца націску мы пішам словы з памылкамі.

Сама часта памылкі сустракаюцца пры напісаньні словаў цярпець, хлусіць, сьпіна.

Дзеяслоў цярпець шмат хто спрагае паводле расейскага ўзору – як слова ‘терпеть’. Аднак па-беларуску ён спрагаецца інакш:  я цярплю`, ты цярпі`ш, ён цярпі`ць, мы цярпі`м, вы церпіце`, яны цярпя`ць.

Няведаньне месца націску ў слове хлусіць праяўляецца толькі ў клясычным правапісе (калі пішуць штосьці кшталту “я ня хлушу”), аднак тэндэнцыя відавочная: шмат хто ня ведае, дзе трэба ставіць той націск. Таму праспрагайма разам: інфінітыў хлусі`ць, я хлушу`, ты  хлу`сіш, ён хлу`сіць, мы хлу`сім, вы хлу`сіце, яны хлу`сяць. Таму правільна пісаць не “я ня хлушу”, а “я не хлушуі ня толькі  ў “наркамаўцы”, але і ў “тарашкевіцы”.

Кожны з нас шмат разоў сустракаў пры чытаньні “за сьпіной” – гэтая памылка праскоквае нават у кніжках. Таму ня дзіўна, што большасьць народу ня ведае, што ў слове сьпіна націск трэба ставіць на і. І адпаведна – за сьпінай.

Раней вельмі часта сустракалася памылка націску ў словазлучэньні на самай справе: шмат хто памылкова пісаў “на самой справе”. Паступова гэтая памылка выкараняецца, але калі-некалі яе яшчэ можна сустрэць. Правільна было б пісаць на самай справе, але лепей замяняць гэтае словазлучэньне на сапраўды, насамрэч, у рэчаіснасьці – так будзе сапраўды па-беларуску.

І яшчэ хачу прывесьці слова, пры напісаньні якога памылкі ў націску ніяк не пабачыш, аднак мне даводзілася шмат ад каго чуць памылковае вымаўленьне – выпа`дак. Ня ведаю, адкуль пайшла гэтая памылка – мо дзесьці сустракаецца такое дыялектнае вымаўленьне? Або нейкая публічная асоба, ня чуўшы гэтага слова ў жывым маўленьні, вычытала яго і пры гаворцы няправільна паставіла націск – і пайшло-паехала. Запомніце, даражэнькія: правільна – вы`падак.

На сёньня ўсё.

galinaed: (твар)
Вось вырашыла нарэшце пачаць рабіць занатоўкі пра моўныя памылкі сучасных беларусаў. Ніколі не плянавала рабіць гэтага, бо і безь мяне вучыцеляў дастаткова. Аднак сустракаю занадта шмат памылак настолькі пашыраных, што часам іх робяць і абазнаныя ў мове людзі. Гэткія пашыраныя памылкі буду заносіць пад цэтлік "Моўныя памылкі". Можа, камусьці гэта прынясе нейкую карысьць.

Зразумела, што мы робім памылкі збольшага праз тое, што жывем не ў беларускамоўным асяродзьдзі і таму вельмі часта проста калькуем расейскую мову. Амаль 90% нашых памылак маюць менавіта гэтую прычыну. Але гэта неістотна, зрэшты. Гэта толькі тлумачыць, чаму мы так часта памыляемся. Аднак дарогу адолее той, хто ідзе.

Абазначэньні:
рбс - расейска-беларускі(я) слоўнік(і)
брс - беларуска-расейскі(я) слоўнік(і)

1. Распаўсюдзіць/пашырыць
Рбс даюць для "распространить" два словы: распаўсюдзіць і пашырыць, асабліва не тлумачачы нюансаў ужываньня, і чамусьці бальшыня амаль ва ўсіх выпадках выкарыстоўвае слова распаўсюдзіць хутчэй за ўсё, таму што яно першым прыходзіць на цям. Між тым сэнс часта патрабуе слова пашырыць., а часам – і іншых словаў.
Улічваючы, што "распространить" мае шмат сэнсаў, разгледзім выбар патрэбнага адпаведніка на прыкладах.
1. Сделать больше, увеличить пределы чего-л.
Пашырыць сад на ўсю тэрыторыю.
2. Расширить круг действия, применения чего-л.
Пашырыць свой уплыў. Пашырыць ільготы на пэнсіянэраў. Пашырыць законы прыроды на чалавецтва.
3. Сделать что-л. широко известным, доступным многим, познакомить с чем-л. многих.
Распаўсюдзіць веды. Распаўсюдзіць газэту. Распаўсюдзіць новую тэхналёгію. Распаўсюдзіць новую навуковую тэорыю. Распаўсюдзіць плётку.
4. Рассеять вокруг себя. 
Разьнесьці пах парфюму. Разьнесьці хваробу. Пасеяць вакол сябе нуду. Ружы пахнуць на ўсю вуліцу (пераклад для: Розы распространили своё благоухание на всю улицу). Печка абагрэла ўсю хату (пераклад для: Печь распространила тепло по всему дому).
5. Сделать более обширным, пространным, подробным.
Удакладніць сьпіс прадуктаў. Удакладніць апісаньне зьявы.

2. Абаперціся/угрунтавацца  
Думаючы па-расейку "опираясь на эти факты...", практычна ўсе напішуць: "абапіраючыся на гэтыя факты" і зробяць няправільна, бо гэта калькаваньне, прычым няслушнае. Трэба: зыходзячы з гэтых фактаў... або: грунтуючыся на гэтых фактах...
І зноў справа ў тым, што расейскае "опереться" мае некалькі сэнсаў.
1. Прислониться к кому-, чему-л., налечь на кого-, что-л., перенося на него часть тяжести своего тела.
Абаперціся на кій, на руку. Абаперціся сьпінаю на падушку.
2. Найти себе поддержку в ком-л.
Мець падтрымку сяброў (пераклад для: Опереться на друзей). У сям'і яго ніхто не падтрымлівае (пераклад для: В семье ему не на кого опереться).
3. Воспользоваться чем-л. в качестве основы или отправной точки (рассуждений, деятельности и т.п.).
Угрунтавацца на акадэмічнай навуцы. Зыходзіць з тэхнічных магчымасьцяў. Угрунтавацца на лібэральных каштоўнасьцях.

January 2017

S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031    

Syndicate

RSS Atom

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jul. 25th, 2017 12:36 pm
Powered by Dreamwidth Studios