galinaed: (поні !!!)
Слухала ўчора радыё “Сталіца”, і мне моцна закарцела правесьці наступны занятак мовы. Разумею, што ніхто са “Сталіцы” мяне не чытае, аднак лічу патрэбным разгледзець памылкі вядоўцаў. Адна справа, калі нехта робіць памылкі ў гутарцы са сваімі сябрамі, і зусім іншая – калі кагосьці слухае вялізная аўдыторыя, тады ёсьць рэальная небясьпека, што памылкі будуць падхопленыя часткай аўдыторыі. “Так па радыё казалі!” – жалезны аргумэнт.

абураюся )

galinaed: (поні !!!)
Мае беларускамоўныя суайчыньнікі ў большасьці сваёй вырасьлі не ў беларускамоўным асяродзьдзі, і таму вельмі часта пры маўленьні ці напісаньні не адразу мысьляць па-беларуску, а перакладаюць свае думкі на беларускую мову. У сувязі з гэтым  часта ўзьнікаюць памылкі перакладу – калі падбіраецца няправільны адпаведнік у беларускай мове або выкарыстоўваецца відавочны русізм.

Разгледзім найбольш частыя памылкі перакладу.

Паколькі.  Гэты злучнік-русізм даўно “ўзаконены” афіцыйнымі слоўнікамі, аднак нельга забывацца на тое, што гэтае слова неўласьцівае беларускай мове – у нас ёсьць добрыя беларускія адпаведнікі раз ужо, а як, таму што, бо. У слоўніках прыводзяцца прыклады ўжываньня: Стрэлкі, якая раней вяла на ветку [чыгункі], не было, відаць, яе проста знялі, паколькі ветка не дзейнічала (Лынькоў). Паколькі мы знайшлі цябе ў лесе, тваё прозвішча будзе — Лясны... (Шахавец). Наважымся ўдасканаліць клясыкаў: Стрэлкі, якая раней вяла на ветку [чыгункі], не было, відаць, яе проста знялі, таму што (бо) яна не дзейнічала. Раз ужо (А як, Таму што) мы знайшлі цябе ў лесе, тваё прозвішча будзе — Лясны... Пагадзіцеся, так сказы выглядаюць натуральней і прыгажэй.

Заўгодна.  Гэты русізм таксама трывала “прапісаўся” ў некаторых нашых слоўніках, аднак відавочна, што слова гэтае – скажоная расійская часьціца “угодно” і яго лепш замяняць іншымі словамі.  Напрыклад, РБС (у якім слова заўгодна адсутнічае) прапануе наступныя варыянты перакладу:  какой угодноякі хочаш, які хочаце; (всё равно какой) абы-які; (всякий) усякі; кто угоднохто хочаш, хто хочаце; (всё равно кто) абы-хто; что угодношто хочаш, што хочаце; (всё равно что) абы-што; где угоднодзе хочаш, дзе хочаце; (всё равно где) абы-дзе; (везде) усюды; когда угоднокалі хочаш, калі хочаце; (всё равно когда) абы-калі; (всегда) заўсёды; как угодно як хочаш, як хочаце; (всё равно как) абы-як; куда угоднокуды хочаш, куды хочаце; (всё равно куда) абы-куды; откуда угодноадкуль хочаш, адкуль хочаце; (всё равно кто) абы-адкуль; (отовсюду) адусюль; сколько угодноколькі хочаш, колькі хочаце; (всё равно сколько) абы-колькі.

Прыходзіцца/прыйсьціся.  Добрыя беларускія словы, аднак не заўсёды менавіта яны адпавядаюць расійскім приходиться /прийтись. Калі мы хочам выказаць у безасабовым сказе пра тое, што сталася непазьбежным, тады гэтыя словы цалкам дарэчы: ему пришлось уйтияму прыйшлося сысьці (хаця тут можна выкарыстаць і іншы адпаведнік – давесьціся: яму давялося сысьці). А вось для іншых значэньняў словаў приходиться /прийтись словы прыходзіцца/прыйсьціся не падыходзяць! Зазірнем у РБС:
прийтись 1) (оказаться подходящим) падысці; обувь пришлась мне впоруабутак падышоў мне якраз; 2) (об ударе) трапіць (па чым); удар пришёлся по ногеудар трапіў па назе; 3) (совпасть) прыпасці (на што); праздник пришёлся на пятницусвята прыпала на пятніцу...
Калі хочам вызначыць сваяцтва, тады ўжываем слова даводзіцца: она приходится ему племянницейяна даводзіцца яму пляменьніцай.
З улікам напісанага перакладзем правільна сказ, які скажае рэчаіснасьць (бо насамрэч прыведзеная лічба датычыцца толькі тых, хто працуе і атрымлівае заробак – а акрамя такіх ёсьць яшчэ пэнсіянэры, інваліды, студэнты і дзеці): “На каждого белоруса в среднем приходится 400 долларов дохода в месяц”: На кожнага беларуса (які працуе!) у сярэднім прыпадае 400 даляраў у месяц. Цяпер перачытаем атрыманы сказ. Ну і як вам? Я ня ведаю, куды глядзяць рэдактары, але як па-расійску, так і па-беларуску сказ выглядае каструбаватым, бо прыпадаць-приходиться можа толькі тое, што не залежыць ад суб’екта выказваньня, напрыклад: На 100 жыхароў Беларусі прыпадае 1,5 супрацоўніка МУС. Яшчэ прыклад: На кожнага беларуса ў год прыпадае 12,5 літра ў пераліку на абсалютны алькаголь. А пра заробленыя грошы правільней сказаць так: Сярэдні заробак беларуса склаў 400 даляраў у месяц. Ці так: Беларус зарабляе ў сярэднім 400 даляраў у месяц. Але пагадзіцеся, гэта ўжо памылкі зусім не перакладу, а стылю ў цэлым, прычым і ў расійскай мове таксама. Дый прапагандысцкія хітрыкі сыгралі тут не апошнюю ролю.

На сёньня ўсё. Працяг будзе.
Сачыце за сваёй мовай!
galinaed: (поні !!!)
На жаль, ня маю часу праводзіць  “заняткі мовы” так часта, як хацелася б, аднак сёньня нарэшце выкладу некаторыя назьбіраныя заўвагі.

Зьбіраць памылкі мне дапамагае апошнім часам маё любімае радыё “Сталіца” (мне падабаецца іх музычны фармат), якое я слухаю заўсёды, калі гатую ежу. Улічваючы, што кожная сямейная гаспадыня, якая не карыстаецца паўфабрыкатамі, штодзённа траціць на гатаваньне ежы ад адной да трох гадзін, лёгка зразумець, што хаця збольшага вядоўцы радыё “Сталіца” гавораць правільна, аднак усё роўна можна лёгка назьбіраць матэрыял для крытыкі :) Бо радыёвядоўцы і журналісты, як і большасьць жыхароў Беларусі, жывуць у расійскамоўным атачэньні, і пазбавіцца ўплыву гэтага атачэньня на нашу мову часам бывае нялёгка.

Вось і атрымліваецца, што, ведаючы ўсе словы па-беларуску і нават прамаўляючы іх па-беларуску, дыктары радыё часам гавораць не на беларускай мове! І мне становіцца скрушна, калі чую па радыё выразы тыпу “зьдзекуюцца над жывёлай”, “сьмяесься нада мной”, “пакладзіцеся на сяброў”, “прыступілі да будаўніцтва”... Працягваць можна доўга, але лепей зоймемся разборам.

Спачатку паправім прыведзеныя вышэй прыклады:

“зьдзекуюцца над жывёлай”, “сьмяесься нада мной” – тут адразу рэжа слых памылка кіраваньня. Па-беларуску словы зьдзекавацца, сьмяяцца, іранізаваць вымагаюць прыназоўніка з і назоўніка ў родным склоне, таму правільна будзе зьдзекуюцца з жывёлы, сьмяесься зь мяне. Хаця я сказала б зьдзекуюцца з жывёліны – бо слова жывёла ў традыцыйнай беларускай мове часьцей выкарыстоўваецца як зборнае, а для адзінкавай асобіны лепш ужыць слова жывёліна.

“пакладзіцеся на сяброў” – гэта ўжо ні ў якія вароты. Можна на кагосьці ці штосьці спадзявацца, разьлічваць, можна камусьці ці чамусьці давярацца або проста давяраць, таксама можна быць упэўненым у кімсьці ці чымсьці, а “пакладацца” – нават немагчыма ўявіць, як гэта робіцца. Легчы на сяброў і ляжаць? Гы. Трэба быць сур’ёзьней, даражэнькія! Такім чынам, маем шмат добрых варыянтаў, каб выказаць тое, што хацеў сказаць радыёвядоўца: разьлічвайце/ спадзявайцеся на сяброў, даверцеся/давярайце сябрам, будзьце ўпэўненымі ў сябрах.

“прыступілі да будаўніцтва” – гэта ах і вох, як той казаў. Ну чаму “прыступілі”? Чаму не пачалі будаўніцтва, не ўзяліся будаваць? Ад якога слова магло ўтварыцца гэтае “прыступіць”? Ад прыступкі ці ад ступіць? Самае непрыемнае, што афіцыйныя слоўнікі дазваляюць так казаць – “прыступілі да будаўніцтва”, – але мне такія выразы падаюцца жудаснай канцыляршчынай, жывы чалавек ня можа так казаць.

Гэтаксама жывы чалавек ня можа сказаць “у маючым адбыцца парадзе”. Нават у расійскай мове адпаведны выраз гучыць вельмі непрыгожа і прыдатны выключна для бюракратычных зводак, а ў беларускай мове дык увогуле патыхае мярцьвячынай. Адукаваны дыктар скажа: у парадзе, які адбудзецца... А звычайны чалавек скажа карацей: у парадзе. З кантэксту і так будзе зразумела, што размова вядзецца пра парад, які яшчэ не адбыўся, а які толькі заплянаваны. Можна і ўдакладніць: у заплянаваным парадзе або у парадзе, які адбудзецца ў дзень...

Яшчэ выдатныя прыклады бюракратычнага шаблёну: “валодаюць уласьцівасьцямі”, “валодае некалькімі замежнымі мовамі”. Я без разваг праўлю такія выразы на маюць уласьцівасьці, ведае некалькі замежных моваў. Бо не сустракала людзей, якім падабаліся б сухія (я б сказала – высушаныя, зьнявечаныя) бюракратычныя выразы. Ведаю, што слоўнікі дазваляюць такія выразы і што мяне можна абвінаваціць у густаўшчыне, але скажыце шчыра: вы калі-небудзь чулі падобныя выразы ад звычайнага чалавека? Ну ўявіце сабе, што нейкая бабуля кажа: “Мой унук валодае нямецкай мовай”. Немагчыма? Вось і не кажыце так, валодайце сабой.

Цяпер зьвернемся да слова “кропка”. Часта можна пачуць: кропка доступу, кропка прызначэньня, гандлёвая кропка, населеная кропка, кропка адліку. Гэта ж невыносна для беларускага вуха! У беларускай мове слова “кропка” азначае толькі знак, які звычайна ставім у канцы сказа. Ну ці куды яшчэ, калі хочацца, але звычайна туды ставяць птушачку, бо яна лепш заўважная. Яшчэ кропкі ўжываюцца ў абазначэньні смайліка і ў літарах і і ё. Усё! Астатнія “точки” – гэта пункты, запомніце гэта назаўжды! Таму маем: пункт доступу, пункт прызначэньня, населены пункт, пункт адліку, пункт гандлю ці гандлёвы пункт.

Зачапіўшы пункт доступу, упамяну такую частую памылку, як “бесправадны”. Я разумею, што ёсьць беларускія словы газаправод і нафтаправод, утвораныя ад слова праводзіць, але гэта не азначае, што існуе слова “бесправадны”. Хаця спалучэньне там праводзіцца (праз паветра), аднак яно праводзіцца бяз дроту і таму называецца бяздротавым.

На сёньня ўсё. Усім добрага настрою і прыгожай мовы! Наступны разбор памылак адбудзецца ня ведаю калі, аднак пастараюся не зацягваць з гэтай справай.

слоўнікі ня хлусяць! )
galinaed: (твар)
У доме на рагу ў куце ляжыць красьлюнак з вострымі вугламі.
(Ды каб без паўтораў!)

UPD. Заданьне сталася амаль невырашальным. Не знайшлося ахвотных рашаць невырашальнае. Нельга перакласьці, каб не паўтарыць слова "угол" хаця б два разы, а лепей і дакладней - тры разы (В доме на углу в углу лежит чертёж с острыми углами). А вы кажаце - багаты "язык".
galinaed: (Default)

Вырашыўшы пісаць пра моўныя памылкі, стала занатоўваць сабе часта сустраканыя памылкі. І вось назьбірала ўжо добрую калекцыю, а пісаць няма калі. Паабяцала сабе, што знайду час у суботу. Выконваю абяцаньне :))

Сёньня разгледзім памылкі ў націсках. У расейскай мове пры напісаньні няма розьніцы, дзе той націск, а ў беларускай чаргаваньне о /а і е /я прымушае ведаць, дзе ставіць націск, бо часам бязь веданьня месца націску мы пішам словы з памылкамі.

Сама часта памылкі сустракаюцца пры напісаньні словаў цярпець, хлусіць, сьпіна.

Дзеяслоў цярпець шмат хто спрагае паводле расейскага ўзору – як слова ‘терпеть’. Аднак па-беларуску ён спрагаецца інакш:  я цярплю`, ты цярпі`ш, ён цярпі`ць, мы цярпі`м, вы церпіце`, яны цярпя`ць.

Няведаньне месца націску ў слове хлусіць праяўляецца толькі ў клясычным правапісе (калі пішуць штосьці кшталту “я ня хлушу”), аднак тэндэнцыя відавочная: шмат хто ня ведае, дзе трэба ставіць той націск. Таму праспрагайма разам: інфінітыў хлусі`ць, я хлушу`, ты  хлу`сіш, ён хлу`сіць, мы хлу`сім, вы хлу`сіце, яны хлу`сяць. Таму правільна пісаць не “я ня хлушу”, а “я не хлушуі ня толькі  ў “наркамаўцы”, але і ў “тарашкевіцы”.

Кожны з нас шмат разоў сустракаў пры чытаньні “за сьпіной” – гэтая памылка праскоквае нават у кніжках. Таму ня дзіўна, што большасьць народу ня ведае, што ў слове сьпіна націск трэба ставіць на і. І адпаведна – за сьпінай.

Раней вельмі часта сустракалася памылка націску ў словазлучэньні на самай справе: шмат хто памылкова пісаў “на самой справе”. Паступова гэтая памылка выкараняецца, але калі-некалі яе яшчэ можна сустрэць. Правільна было б пісаць на самай справе, але лепей замяняць гэтае словазлучэньне на сапраўды, насамрэч, у рэчаіснасьці – так будзе сапраўды па-беларуску.

І яшчэ хачу прывесьці слова, пры напісаньні якога памылкі ў націску ніяк не пабачыш, аднак мне даводзілася шмат ад каго чуць памылковае вымаўленьне – выпа`дак. Ня ведаю, адкуль пайшла гэтая памылка – мо дзесьці сустракаецца такое дыялектнае вымаўленьне? Або нейкая публічная асоба, ня чуўшы гэтага слова ў жывым маўленьні, вычытала яго і пры гаворцы няправільна паставіла націск – і пайшло-паехала. Запомніце, даражэнькія: правільна – вы`падак.

На сёньня ўсё.

galinaed: (твар)
Вось вырашыла нарэшце пачаць рабіць занатоўкі пра моўныя памылкі сучасных беларусаў. Ніколі не плянавала рабіць гэтага, бо і безь мяне вучыцеляў дастаткова. Аднак сустракаю занадта шмат памылак настолькі пашыраных, што часам іх робяць і абазнаныя ў мове людзі. Гэткія пашыраныя памылкі буду заносіць пад цэтлік "Моўныя памылкі". Можа, камусьці гэта прынясе нейкую карысьць.

Зразумела, што мы робім памылкі збольшага праз тое, што жывем не ў беларускамоўным асяродзьдзі і таму вельмі часта проста калькуем расейскую мову. Амаль 90% нашых памылак маюць менавіта гэтую прычыну. Але гэта неістотна, зрэшты. Гэта толькі тлумачыць, чаму мы так часта памыляемся. Аднак дарогу адолее той, хто ідзе.

Абазначэньні:
рбс - расейска-беларускі(я) слоўнік(і)
брс - беларуска-расейскі(я) слоўнік(і)

1. Распаўсюдзіць/пашырыць
Рбс даюць для "распространить" два словы: распаўсюдзіць і пашырыць, асабліва не тлумачачы нюансаў ужываньня, і чамусьці бальшыня амаль ва ўсіх выпадках выкарыстоўвае слова распаўсюдзіць хутчэй за ўсё, таму што яно першым прыходзіць на цям. Між тым сэнс часта патрабуе слова пашырыць., а часам – і іншых словаў.
Улічваючы, што "распространить" мае шмат сэнсаў, разгледзім выбар патрэбнага адпаведніка на прыкладах.
1. Сделать больше, увеличить пределы чего-л.
Пашырыць сад на ўсю тэрыторыю.
2. Расширить круг действия, применения чего-л.
Пашырыць свой уплыў. Пашырыць ільготы на пэнсіянэраў. Пашырыць законы прыроды на чалавецтва.
3. Сделать что-л. широко известным, доступным многим, познакомить с чем-л. многих.
Распаўсюдзіць веды. Распаўсюдзіць газэту. Распаўсюдзіць новую тэхналёгію. Распаўсюдзіць новую навуковую тэорыю. Распаўсюдзіць плётку.
4. Рассеять вокруг себя. 
Разьнесьці пах парфюму. Разьнесьці хваробу. Пасеяць вакол сябе нуду. Ружы пахнуць на ўсю вуліцу (пераклад для: Розы распространили своё благоухание на всю улицу). Печка абагрэла ўсю хату (пераклад для: Печь распространила тепло по всему дому).
5. Сделать более обширным, пространным, подробным.
Удакладніць сьпіс прадуктаў. Удакладніць апісаньне зьявы.

2. Абаперціся/угрунтавацца  
Думаючы па-расейку "опираясь на эти факты...", практычна ўсе напішуць: "абапіраючыся на гэтыя факты" і зробяць няправільна, бо гэта калькаваньне, прычым няслушнае. Трэба: зыходзячы з гэтых фактаў... або: грунтуючыся на гэтых фактах...
І зноў справа ў тым, што расейскае "опереться" мае некалькі сэнсаў.
1. Прислониться к кому-, чему-л., налечь на кого-, что-л., перенося на него часть тяжести своего тела.
Абаперціся на кій, на руку. Абаперціся сьпінаю на падушку.
2. Найти себе поддержку в ком-л.
Мець падтрымку сяброў (пераклад для: Опереться на друзей). У сям'і яго ніхто не падтрымлівае (пераклад для: В семье ему не на кого опереться).
3. Воспользоваться чем-л. в качестве основы или отправной точки (рассуждений, деятельности и т.п.).
Угрунтавацца на акадэмічнай навуцы. Зыходзіць з тэхнічных магчымасьцяў. Угрунтавацца на лібэральных каштоўнасьцях.
galinaed: (аўтобус)
Стамілася ўжо шмат гадоў паўтараць адно і тое, таму лепей адзін раз напішу.

Тым, хто ўваходзіць у лік 70% насельніцтва Беларусі, якія гавораць па-расейску,
ці толькі хвалююцца пра тыя 70%

Апускаючы той факт, што значная частка з гэтых 70% гатовая перайсьці на родную мову -- і пэўна гэтая частка пяройдзе, калі бел. мова будзе абвешчана адзінаю дзяржаўнаю, -- хачу зьвярнуць увагу на іншую акалічнасьць. Давайце ўявім сабе такі жудасны варыянт, што СССР у 1945 не перамог Нямеччыну і да 1991 году мы пражылі пад акупацыяй гэтай краіны. Уявілі?

Зразумела, ніхто б не цырымоніўся зь беларусамі і не садзейнічаў бы разьвіцьцю беларускае адукацыі, мовы, культуры (гэта гаўляйтэр Кубэ быў літасьцівы і дазваляў беларусам адчыняць беларускія школы, але яго забілі). Адукацыя, натуральна, была б скіраваная на тое, каб прымусіць беларусаў гаварыць па-нямецку (не вывучаць жа гаспадарам мову сваіх рабоў!) і каб упэўніць кожнага беларуса, што яны жывуць на "спрадвеку нямецкай зямлі", якую ў 1945 годзе нарэшце ўзьядналі з мэтраполіяй.
І, натуральна, цяпер 70% размаўлялі б міжсобку па-нямецку. І крычэлі б паўсюль, што абавязкова трэба пакідаць двухмоўе, бо ж 70% гавораць па-нямецку і нельга парушаць іхнае права выбіраць сабе мову і прымушаць іх пераходзіць на беларускую. А некаторыя нават пісалі б падчас перапісу, што іхная родная мова - нямецкая. І былі б пэўныя, што Нямеччына - вялікая дзяржава зь вялікаю культураю (а чаму ня быць пэўнымі? прычынаў няма!), і немцы далучылі беларусаў да высокай культуры, а датуль беларусы былі цёмныя, занядбаныя, хадзілі ў лапцях і ня ўмелі нават чытаць-пісаць.

Але хопіць фантазіяў. Калі каму гаварыць пра такое, вочы ў іх робяцца круглымі, яны адмахваюцца - не выдумляй! А што тут выдуманае? Я толькі замяніла год акупацыі і расейцаў на немцаў - і ўсяго.
galinaed: (Default)
Напярэдадні Дня роднай мовы госцем онлайн-канферэнцыі на TUT.BY стаў дырэктар Інстытута мовы i лiтаратуры iмя Я. Коласа i Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар, доктар філалагічных навук Аляксандр Лукашанец.

урывак з інтэрвію:
пытаньне: Ці не здаецца вам, што ў сённяшніх умовах найлепшым для беларускай мовы было б прызнанне людзей, якія размаўляюць па-беларуску, моўнай меншасцю (не нацыянальнай, бо мы ўсе аднаго паходжання) і распрацоўка адпаведнага заканадаўства, якое б падтрымлівала гэтую меншасць. Бо калі глядзець на еўрапейскія прыклады, то мінарытарным мовам там цяпер жывецца нашмат лепш. Напр., сітуацыя ў Уэльсе з валійскай мовай паляпшаецца і колькасць носьбітаў за апошнія дваццаць гадоў вырасла амаль на 5 адсоткаў (а гэта, пагадзіцеся, многа ва ўмовах дамінавання вельмі моцнай ангельскай), і да таго ж бальшыня новых валійскамоўных - гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 25.
Наша сітуацыя кардынальна адрозніваецца, напр., ад украінскай, дзе людзі могуць не размаўляць, могуць нават не любіць украінскую, але ўсё адно ведаюць і здольныя на ёй выказвацца пры патрэбе. У нас жа бяда ў тым, што вялізная частка насельніцтва (пераважна школьнікі і маладыя людзі) увогуле не ўмеюць размаўляць, а часам нават разумець беларускую мову.


адказ: Я катэгарычна супраць такой прапановы, паколькі лічу, што яна не адпавядае рэчаіснасці. Сёння беларуская мова з’яўляецца рэальным сродкам зносін для значнай часткі грамадзян нашай краіны, фактарам нацыянальнай культуры, сімвалам нацыянальнай свядомасці і ідэнтыфікацыі. З інфармацыяй на беларускай мове рэальна сутыкаецца штодзённа практычна кожны жыхар Беларусі. Акрамя таго, нягледзячы на складанасці свайго існавання ў многіх сферах ужытку, сёння беларуская мова выяўляе тэндэнцыі да пашырэння ў найбольш актуальныя для жыцця сучаснага грамадства сферы (канфесійную, інтэрнэт-камунікацыю і г.д.). У нас таксама сёння прэстыж беларускай мовы ў многім падтрымліваецца прадстаўнікамі маладой інтэлектуальнай эліты.
У палітычным плане гэтая прапанова таксама не мае падстаў, паколькі датычыцца дзяржаўнай мовы краіны.
galinaed: (Default)
ЗБС «Бацькаўшчына» зладзіла ў Мінску сустрэчу са старшынём Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведарам Нюнькам.

Хведар Нюнька: «Без беларусізацыі не будзе прэстыжу Беларусі на міжнароднай арэне»
galinaed: (поні !!!)
Даўно хацела напісаць свае развагі пра "мэтад рэдагаваньня Пацюпы", аднак, нажаль, рукі не дайшлі. Але во натрапіла на даўні артыкул Кандрата Крапівы, надрукаваны ў газэце “Звязда” за 14 чэрвеня 1979 года (і перадрукаваны ў "Прайдзісвеце" № 3). Хоць і ёсьць у гэтым артыкуле трохі спрэчныя пытаньні (з улікам цяперашняга часу, бо ж мінула ўжо 30 гадоў), аднак што да прынцыпаў рэдагаваньня я цалкам падтрымліваю аўтара - і падаю тут гэты артыкул без усялякіх купюраў.

Як бы я хацела, каб гэты артыкул прачытаў шаноўны Юры Пацюпа!

Кандрат Крапіва: Ці будзем мы ездзіць па левым баку? 

Еду я часамі па вуліцы ці па дарозе і думаю: “Як добра, што наша ДАІ (Дзяржаўная аўтаінспекцыя) так клапоціцца аб жыцці і здароўі людзей, перасцерагае ад паломкі машын. Толькі ты сабраўся зрабіць паварот, а перад вачыма вертыкальная страла – каці прама! І коціш. А не паслухаешь, – дзірку праб’юць, а то і правы адбяруць. Смаліш далей, а тут ужо крывая стрэлка з надпісам “аб’езд”, наперадзе нешта-нейкае: паедзеш, у бяду трапіш. Можа, яшчэ горшую, чым тая дзірка. Трасешся па калдобінах на аб’ездзе, дзякуеш “Правілам дарожнага руху” за іх гуманную перасцярогу і думаеш “Вось бы такія правілы моўнага руху”. Правілы такія, праўда, ёсць: граматыка, правапіс, нарматыўныя слоўнікі, але такія, ды не такія. У іх нічога не сказана пра дзірку: калі яе прабіваць, у якім месцы і хто гэта павінен рабіць. А трэба было б. І правілы ўсё яшчэ парушаюцца. Праўда, пасля пашыранай нарады, якая адбылася ў 1972 годзе, і выступленняў у друку па гэтаму пытанню аматараў ездзіць па левым баку стала менш, і ў друку за блытаніну яны не выступаюць: калі блытаюць, дык паціху, без дэкларацый. Адхіленні ад граматычных норм і правапісных правіл бываюць па розных прычынах. Пішуць у наш час усе, але не ўсе добра ведаюць гэтыя нормы і правілы. Калі закаханы юнак выказвае дзяўчыне ў пісьмовай форме свае палкія пачуцці і ў кожным радку робіць арфаграфічныя памылкі, дык гэта яшчэ паўбяды. Можа, яно ад вялікага хвалявання. Але калі такое трапляе на старонкі друку, дык тут ужо трэба біць трывогу. Яшчэ горш, калі мову псуюць “з добрымі намерамі”. 

Часамі можна пачуць заўвагу, што і “самі” пісьменнікі не прытрымліваюцца правіл. Такое бывае. Але часцей за ўсё не таму, што яны гэтых правіл ня ведаюць. Выкарысоўваючы багатыя маляўнічыя сродкі мовы, яны часцей за ўсё робяць гэта наўмысна і свядома. Каб надаць персанажам сваіх твораў характэрныя рысы, яны часамі дазваляюць ім гаварыць сваёй мовай, якая не заўседы ў ладах з граматыкай і правапісам. І ў аўтарскай мове яны не цураюцца, бывае, слоў і выразаў роднай мясцовай гаворкі, што дапамагае ім больш ярка адлюстраваць багатае фарбамі жыццё, выказаць свае думкі і пачуцці. Гэтыя адхіленні – заканамерныя. Яны абумоўлены творчай задачай пісьменніка. Без патрэбы пісьменнік гэтага не робіць. Існуючыя нормы і правілы яму не перашкаджаюць. І без занядбання іх у яго ёсць шырокі прастор для выяўлення сваіх здольнасцей і магчымасцей. Але ёсць сярод пісьменнікаў (іх, праўда адзінкі) і аматары ездзіць па левым баку. Для іх агульнапрынятыя правілы і нормы не існуюць. Па шляху да хуткай славы яны імчаць напрасцяк, і ніякія дарожныя знакі – ні клічнікі, ні “цагліны” – іх не спыняюць. 

Гэта пра індывідуальную мову пісьменніка, на якую ў разумных межах ён мае права.

А ці мае права на сваю асаблівую, так сказаць “фірменную” мову тая ці іншая рэдакцыя? Такая тэндэнцыя ў некаторых рэдакцыях праяўляецца досыць выразна. Прыхільнікі гэтай тэндэнцыі стрыгуць усіх аўтараў пад свой грабянец

(падкрэсьлена мною. – galinaegitor). Аўтар піша: “Дзякуючы клопатам гэтай добрай, чулай жанчыны...”, а чытае надрукаванае: “Дзякуючы клопатам гэтае добрае, чулае жанчыны...” У аўтара было: “Я напомніў яму, як мы ехалі разам у поездзе і, з выпадку юбілею аднаго знаёмага архітэктара, паслалі яму віншавальную тэлеграму і паднялі бакалы за яго здароўе”. А пасля таго, як па аўтарскім рукапісам пахадзіла рука праўшчыка, стала: “Я нагадаў яму, як мы ехалі ў цягніку і, з нагоды юбілею аднаго нашаго знаёмага дойліда, даслалі яму віншавальную тэлеграму і ўзнялі келіхі за яго здароўе”. А ў аўтарскім жа арыгінале як быццам не было ніякіх памылак. (Гэта не цытаты, але тыповыя ўзоры стрыжкі пад фірменны грабянец). Тым часам які-небудзь паспешлівы даследчык мовы ўжо і вывады робіць: “Такія формы прыметнікаў жаночага роду і новая лексіка пачынаюць браць верх над традыцыйнымі формамі і ўстарэлай лексікай”. У доказ ён прыводзіць прыклады з твораў таго ці іншага “вядомага” ці нават “выдатнага” пісьменніка, які нібыта такія формы і словы шырока ўжывае. А “выдатны” тут, як той казаў, толькі богу душой вінават. Гэта рэдакцыйны праўшчык прычасаў яго пад свой густ.

Між іншым, канчаткі роднага склону прыметнікаў жаночага роду -ае (-яе) не з’яўляюцца агульнапрынятымі ў беларускай літаратуранай мове, а толькі варыянтнай формай, уласцівай мясцовым гаворкам на абмежаванай тэрыторыі, і намаганні замяніць гэтай формай кароткую форму -ай (-яй), якая пашырана амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі і даўно ўсталявалася ў літаратурнай мове, не маюць падстаў. Апрача гэтага, такая стрыжка пад фірменны грабянец не дае магчымасці меркаваць аб асаблівасцях мовы пісьменніка, на што ён, як гаварылася вышэй, мае поўнае права (падкрэсьлена мною. – galinaegitor). У рэдакцыі шмат работы з рукапісам і без такой дробязнай, да таго ж яшчэ і няслушнай, апекі над аўтарам. 

Калі ўжо зайшла гаворка аб тым, што ў літаратурнай мове з’яўляецца заканамерным і незаканамерным, дык нельга не сказаць яшчэ аб адной тэндэнцыі, якая, на маю думку, з’яўляецца не толькі не заканамернай, але і недарэчнай. Прыхільнікі гэтай тэндэнцыі (іх нямнога, але яны часам маюць магчымасць прыкладваць руку да аўтарскага рукапісу) клапоцяцца ўжо не аб нейкай там прымітыўнай “фірменнай мове”, а падводзяць пад сваю дзейнасць “тэарэтычную базу”. Яны, бачыце, псуюць мову ў “імя высокай ідэі”, змагаючыся за “беларускасць” беларускай мовы. Здавалася б, што ў гэтым дрэннага, калі людзі дбаюць пра якасць мовы, змагаюцца за яе ўзбагачэнне і ўдасканаленне. Дык жа не гэта яны маюць на ўвазе і робяць, калі ёсць у іх такая магчымасць. У імя “высокай ідэі” яны выкасоўваюць з рукапісу словы, якія з’яўляюцца агульнымі для беларускай і рускай мовы, і замяняюць іх словамі мясцовых гаворак або штучнымі наватворамі, не заўсёды дакладнымі па значэнню, але затое “чыста беларускімі”. Слова палажыць яны замяняюць словам пакласці, хоць палажыць беларусы гавораць з таго часу, як яны сталі беларусамі. Пакласці падыходзіць для тых выпадкаў, калі што-небудзь кладзецца не ўсё разам, а па адным прадмеце, па частках, ці ў некалькі прыёмаў. Напрыклад, яблыкі на стол можна палажыць (скажам, разам з сеткай) і пакласці кладучы па адным ці па некалькі. Пакласці ўжываецца ў некаторых гаворках і ў першым сэнсе, але гэта ўжо дыялектызм, і ніякай разумнай падставы няма для таго, каб замяніць ім ва ўсіх выпадках слова палажыць

Выкасоўваюць слова поезд і пішуць цягнік. А між тым сам поезд з’явіўся значна раней, чым слова цягнік, якое пачалі ўжываць, калі не памыляюся недзе ў дваццатыя гады. Гэта – калька, утвораная па ўзору польскага поцёнг, чэшскага влак, нямецкага цуг. А слова поезд беларусам не цяжка было засвоіць, бо яно, толькі з іншым націскам (паязд) было ў народнай мове і да з’яўлення чыгункі. Гэта слова мае зборнае значэнне і азначае прылады для язды – калёсы, сані. А яшчэ – вясельны картэж, калі маладыя ехалі да вянца або з вянца. Таму слова поезд лёгка ўвайшло ў літаратурую мову. Дык хто ж мае права, фігуральна кажучы, сцягваць аўтара з поезда і садзіць на цягнік

У сілу той жа недарэчнай тэндэнцыі выкасоўваюцца словы – успомніць, напомніць, напамянуць, і замяняюцца словамі – згадаць, прыгадаць, нагадаць у той час як першыя з даўніх часоў з’яўляюцца пашыранымі ў беларусай мове, а другія – вузкадыялектныя і нават у мясцовых гаворках рэдка сустракаюцца. У слоўнікі яны трапілі з кніг і даюцца звычайна з пэўнымі стылістычнымі паметамі, але ў некаторых рэдакцыях зразу сталі фаварытамі. 

Недаспадобы і такое абжытае і ўсім добра вядомае слова, як падняць. Дзе слушна, і дзе (часцей за ўсё) няслушна, яно замяняецца словам узняць, хоць апошняе па значэнні не перакрывае першага слова, якое можа ўжывацца ва ўсіх выпадках, калі гаворка ідзе пра дзеянне, якое тут маецца на ўвазе. Узняць больш падыходзіць для высокага стылю, а таксама ўжываецца ў тых выпадках, калі маецца на ўвазе падняць каго-небудзь ці што небудзь на вялікую вышыню, калі дзеянне патрабуе вялікага намагання, калі трэба падкрэсліць яго асаблівую сілу, інтэнсіўнасць, значнасць: узняць сцяг перамогі, узняць аж на дваццаты паверх, мех – як узняць, не узняць галавы ад падушкі, узняць буру пратэсту, узняць вытворчасць, узняць крык, узняць хмару пылу, узняць руку на жанчыну. Але карандаш з падлогі, руку для галасавання, тэмпературу на некалькі градусаў, падол сукенкі, пакрывала і шмат што іншае, вядома ж, – падняць. Тым не менш – “узнімаюць”. 

Непажаданым з’яўляецца і такое добрае, я б сказаў, цёплае слова, як пагода і замяняецца словам надвор’е. Словы гэтыя ў беларускай мове раўнапраўныя, але зноў жа маюць пэўныя сэнсавыя адценні. Слова пагода процістаўляецца слову непагадзь і, калі яно ўжываецца без прыметніка, азначае сонечную пагоду. “Два дні пагоды, і сена сухое будзе” – скажа старшыня калгаса. Зразумела, што тут гаворка ідзе про сонечную пагоду. А пра надвор’е так не скажаш, – трэба дадаваць эпітэт – добрае, дэннае, бо ў паняцце надвор’е, апрача яснай ці дажджлівай пагоды, уваходзяць і іншыя кліматычныя адзнакі: холад, цяпло, вільготнасць паветра. Як ні здаецца гэта парадаксальным, але і пры “дрэннай” (нясонечнай) пагодзе можа быць добрае надвор’е. Нічога дзіўнага, калі вы пачуеце ад агародніка: “На агуркі сёлета годзіць. Надвор’е добрае: ночы цёплыя, дажджы праходзяць”. 

Слова паслаць (пасылку, пісьмо, карэспандэнцыю) замяняецца словам даслаць. Але гэта не тое ж самае. Даслаць што-небудзь можна ў дадатак да пасланага ўжо, або ў сэнсе – прымусіць дайсці да свайго месца (даслаць патрон у патроннік). 

Слова вызваліць прапануецца замяніць словам выслабаніць; архітэктар – словам дойлід; слова вывад замяняецца наватворам выснова.  

А што ж гавораць наконт гэтых слоў помнікі старабеларускай пісьменнасці? Часта сустракаецца ў іх (у розных фанетыка-мафалагічных варыянах) слова успомніць (успомнеце, успомнити, успоменути, успоменети і г.д.). Выяўлены таксама формы напоменути, напоменети, напоменуть. Дзеясловаў нагадаць, згадаць, прыгадаць у гэтых помніках няма. 

Дзеясловы падняць і ўзняць сустракаюцца прыбілізна ў аднолькавай колькасці. 

Вельмі часта ўжываецца слова паслаць, але не выяўлена слова даслаць

Сустракаецца зрэдку слова дойлід, але толькі ў значэнні цясляр, а не архітэктар. Цяпер гэтае слова даецца ў слоўніках з паметай устар. і адпавядае рускаму зодчий

У картатэцы “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” Інстытута мовазнаўства АН БССР налічваецца каля 300 картак на слова причина, але няма ніводнай нагоды. Выпадку, між іншым, таксама няма. У значэнні яго ўжывалася слова припадок

Палажыць (положити) было ў старабеларускай мове пашыраным словам. Пакласці ўжывалася ў пераважна ў спецыфічным выразе “покласти рубежи”. 

Форма зялёнае (родны склон) у помніках пісьменнасці з’яўляецца больш старажытнай. Пазней на яе месцы ўтварылася форма зялёнай, якая, як сведчаць матэрыялы, сабраныя дыялектолагамі, пашырана цяпер на большай частцы тэрыторыі рэспублікі. Старажытная форма захавалася ў асобных гаворках паўднёва-заходняй часткі Беларусі (слуцкіх, капыльскіх, любанскіх, драгічынскіх), але ў некаторых рэдакцыях зялёная вуліца даецца толькі гэтай больш архаічнай форме. 

Словы ўспомніць, прыпомніць, напомніць пашыраны на ўсёй тэрыторыі Беларусі, а прыгадаць зафіксавана ў Капыльскім, Слуцкім, Любанскім, Драгічынскім раёнах, нагадаць – толькі ў Іўеўскім. Але і ў гэтым выпадку выключная перавага аддаецца рэдкім асаблівасцям мясцовых гаворак. 

Словы падняць і ўзняць ужываюцца на ўсёй тэрыторыі, у асноўным ва ўласцівым ім значэнні, але для “фірменнай мовы” падыходзіць толькі ўзняць. Паслаць пашырана скрозь, а даслаць (у значэнні паслаць) выяўлена толькі ў асобных рэдкіх выпадках у Капыльскім і Карэліцкім раёнах. 

Прычына і выпадак ёсць усюды, а слова нагода ў народных гаворках не выяўлена. Праўда, гэта слова ўтворана заканамерна ад дзеяслова нагадзіцца, што адпавядае рускім словам подвернуться, оказаться, случиться, встретиться. Калі рускае по случаю перадаюць выразам з нагоды, то тут скажэння сэнсу няма, але калі ў аўтара напісана з выпадку, дык няма падставы яго папраўляць. 

Вывад – у гаворках, як слова кніжнае, ужываецца рэдка, выснова не ўжываецца зусім. 

Палажыць ёсць усюды, а пакласці – калі гаворка ідзе пра адзін прадмет, ужываецца ў асноўным у гаворках Слуцкага, Капыльскага, Ашмянскага, Любанскага, Кобрынскага, Полацкага і некалькіх іншых раёнаў.  

Гэта пашырана на большай частцы тэрыторыі БССР, а гэтая – у раёнах Капыльскім, Слуцкім, Карэліцкім і некаторых іншых. 

Поезд ужываецца ўсюды, цягнік сустракаецца ў пісьмовых работах вучняў. 

Звернемся цяпер да класікаў беларускай літаратуры. У першую чаргу да таго з іх, хто ўжыў найбольшую колькасць беларускіх слоў – да народнага паэта Якуба Коласа. У 14 тамах яго твораў налічваецца каля мільёна словаўжыванняў. Сярод іх успомніць – 199, прыгадаць – 60, згадаць – 30, успомніць – 27, нагадаць – 1; падняць – 280, узняць – 60 (ва ўласцівым гэтаму слову значэнні); паслаць – 120, даслаць – 5; пагода – 125, надвор’е – 44; вывад – 25, выснова – няма (у вершах два разы сустракаецца слова высноўка); палажыць – 95, пакласці – 14 (аб адным прадмеце); поезд – 125, цягнік – 8; жывой (родны склон) – 22, жывое – 2, добрай – 25, добрае – 8. 

Як бачым, і ў творчасці народнага паэта ў шмат разоў перавышае агульнапрынятая лексіка літаратурнай мовы, і толькі ў нязначнай меры адбіўся на яго мове ўплыў суседніх (пераважна паўднёвых) мясцовых гаворак. 

Заглянем цяпер у картатэку сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Гэта картатэка ў асноўным мастацкай літаратуры і налічвае ўжо больш за два з палавінай мільёны картак-слоў. 

Як вядома, за пасляваенныя гады ў беларускую літаратуру прыйшло шмат маладых пісьменнікаў з розных мясцовасцей Беларусі. У іх мове ў пэўнай ступені адлюстраваліся і родныя ім мясцовыя гаворкі. Але дзіўная рэч: некаторыя асаблівасці, якія не выяўлены ў помніках пісьменнасці і толькі зрэдку сустракаюцца ў асобных гаворках або з’яўляюцца штучнымі наватворамі, знаходзім мы і ў творах тых пісьменнікаў з розных куткоў Беларусі, родным гаворкам якіх гэтыя асаблівасці не ўласцівы. Прычым некаторыя з гэтых форм і слоў-заменнікаў мы знаходзім у картатэцы ў вялікай колькасці. Калі на словы ўспомніць, успамінаць налічваецца 492 карткі, дык на словы прыгадаць, згадаць, прыгадваць – 710 картак. Што ж гэта за цуд такі, што пісьменнікі з усіх канцоў беларускай зямлі кінуліся, як мухі на мёд, на гэтыя словы? Цуд гэты ствараецца вельмі проста. У некаторых рэдакцыях сядзяць заўзятыя праўшчыкі аўтарскіх рукапісаў, якія старанна вышпарваюць словы успомніць, успамянуць, успамінаць і ўстаўляюць згадаць, прыгадаць, прыгадваць. 

Такім чынам, раду слоў, большасць з якіх ужывалася нашымі продкамі і якія ўсе разам шырока бытуюць у народных гаворках і адпавядаюць усталяванай літаратурнай норме, процістаўляецца рад слоў-заменнікаў, абмежаваных па тэрытарыяльнаму пашырэнню, па сэнсаваму значэнню і стылістычных адзнаках. Нават каб яны былі і паўнацэннымі сінонімамі да слоў першага рада, нават і тады адмаўляцца ад набытага багацця не было б сэнсу. Сінонімы – гэта ж таксама моўнае багацце. Успомнім, колькі цудоўных эпітэтаў ёсць у рускай мове для выражэння адабрэння, захаплення, высокай адзнакі: прекрасный, прелестный, чудесный, превосходный, великолепный, блестящий, изумительный, восхитительный. І гэтыя эпітэты не перашкаджаюць адзін аднаму, а толькі служаць багатым сродкам выказвання чалавечага пачуцця. 

А якая ж гэта, з дазволу сказаць, культура, якое гэта змаганне за высокую якасць мовы, калі ў выніку яго мова не ўзбагачаецца, а бяднее, калі з яе выкараняюцца словы залатога фонду нашай мовы, якія да таго ж родняць нашы родныя ўсходнеславянскія мовы? 

Прыведзеныя прыклады далёка не ахопліваюць усіх фактараў скажэння і псавання мовы “з добрымі намерамі”, у імя заганнай ідэі, але іх дастаткова для таго, каб убачыць усю неправамернасць і недарэчнасць тэндэнцыі. 

Гэта маё слова ў абарону законных правоў слоў-старажылаў, агульнапашыраных і ўсім зразумелых, адначасова беларускіх і рускіх. Дзіўна, што іх трэба абараняць, але ж прыходзіцца. 

А што ж сказаць пра словы-заменнікі? Ці іх таксама “вышпарваць”? Не, не трэба гэтага рабіць. Ужытыя на сваім месцы, ва ўласцівым ім значэнні яны ніякія не заменнікі, а самакаштоўныя словы. Што можна сказаць супроць слоў надвор’е, узняць, пакласці, даслаць, цягнік, калі гэтыя словы не прэтэндуюць на большае, чым яны ёсць? Калі я ў Максіма Лужаніна ці ў каго-небудзь з яго землякоў чытаю прыгадаць, нагадаць, згадаць, дык мне гэта не рэжа вуха. Гэта слова іх мясцовай ці асабістай, індывідуальнай гаворкі, якія надаюць іх мове асаблівы каларыт. Нават слова выслабаніць можа гучаць натуральна ў вуснах, скажам, літаратурнага персанажа, які не валодае літаратурнай мовай, а ўжывае сваё простае слова, да якога прывык змалку. Не трэба толькі, каб заўзятыя праўшчыкі пры дапамозе гэтых слоў выкаранялі нялюбыя ім нармальныя, паўнапраўныя словы беларускай літаратурнай мовы. 

Апрача гэтых, так сказаць запраграміраваных ненармальнасцей, нямала сустракаецца ў друку і ненармальнасцей спарадычных, выпадковых, якія з’яўляюцца вынікам ці простага няведання мовы, ці пераймання дрэннай моды. 

Інтэнсіўная словатворчая дзейнасць праходзіць, як відаць, у канцылярскіх нетрах некаторых гаспадарчых органаў, у выніку чаго мы маем такія “яркія” ўзоры гэтай творчасці, як Смаргоньселікатбетон, Ваўкавыскцэменташыфер, Рагачоўдрэў, Бабруйскшына, Гомельграмадскапраект, Беларусьгуматэхніка. Так і чакай, што хутка з’явіцца – Целеханылыжы і Баранавічыкаструля. (У Целеханах вырабляюць лыжы, у Баранавічах – каструлі). Праўда, тут першыя часткі нязручныя для вымаўлення, занадта доўгія. Гэта, пэўна, будзе ўлічана і мы будзем мець Целялыжы і Баранкаструлю

Рознае напісанне некаторых катэгорый слоў бывае і ад таго, што ў правапісе беларускай мовы не ўсё рэгламентавана. Некаторыя правілы сфармуляваны не настолькі дакладна, каб паводле іх можна было лёгка вызначыць, як пісаць тое ці іншае слова. Наогул, я хачу паўтарыць сказанае раней, што няма такіх ідэальных граматык і правапісаў, якія б дакладна адлюстроўвалі жывую гаворку. Асабліва вялікія разыходжанні ў гэтых адносінах наглядаюцца ў тых народаў, дзе захоўваюцца старыя традыцыі пісьма. Недарэмна ж жартуюць, што паводле правапісу англійскай мовы пішацца – Ліверпуль, а чытаецца – Лондан. 

Беларускі правапіс у асноўным грунтуецца на жывой гаворцы: “пішы, як чуеш”. Але гэта лёгка сказаць. Па-першае, людзі розных мясцовасцей Беларусі гавораць па-рознаму; па-другое, трэба ж захоўваць і граматычную структуру слова і адзнакі яго этымалагічнага паходжання. Тут воляй-няволяй укладальнікам правапісу прыйшлося ісці на кампраміс. А ён, як і кожны кампраміс, не вызначаецца закончанасцю і адназначнасцю. Прыходзілася рабіць уступкі то на карысць жывой гаворкі, то на карысць граматыкі. У выніку з’явіліся такія не да канца акрэсленыя правілы, як правіла напісання напісання складаных слоў або склонавых канчаткаў назоўнікаў мужчынскага роду, што азначаюць асобу чалавека ў канструкцыях з прыназоўнікамі пры і па. Пішуць – жыць пры брату і пры браце; бедаваць па Васілю і па Васілі. Не ўсталявалася яшчэ ў практыцы правіла аб напісанні канчаткаў агульных назоўнікаў мужчынскага роду ў канструкцыях з прыназоўнікам па (па стале, па свеце, па носе, але – па прыкладу, па ранжыру, кожнаму па рублю, па карандашу). Гэтыя моўныя з’явы знаходзяцца, так сказаць, у стане няўстойлівай раўнавагі. Мовазнаўцам да гэтага часу не ўдалося адносна іх выпрацаваць цвёрдых правіл. Але тут вялікай бяды няма, паколькі ад дваякага напісання сэнс напісанага не мяняецца. Правіла ўсё-такі ёсць: хоць дваякае, але не абыякае. 

Пэўнай праблемай з’яўляецца і напісанне канчаткаў роднага склону назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку. Асноўная цяжкасць у тым, што канчатак прыходзіцца вызначаць не па граматычнай, а па лагічнай катэгорыі слова. У беларускай мове лагічныя катэгорыі назоўнікаў выразна адрозніваюцца. Назоўнікі мужчынскага роду, што абазначаюць рэчыўныя прадметы і ўсё тое, што ўяўляецца як адзінка, што мае пэўныя межы – прасторавыя, часавыя, геаграфічныя, адміністрацыйныя, арганізацыйныя, а таксама аднакратныя дзеянні (рывок, скачок, штуршок), якія маюць пэўную закончанасць, у родным склоне маюць канчатак -а, -я. Назоўнікі ж, якія абазначаюць аморфныя рэчывы, дзеянні, працэсы, стан, навуковыя тэорыі, вучэнні, грамадскія плыні і да т.п., канчаюцца на -у, -ю. Але гэта не так лёгка адрозніць. Тым больш, што ёсць нямала слоў, якія паводле іх значэння могуць быць залічаны то да першай, то да другой катэгорыі. Варона зляцела з дуба (адзіночны прадмет), але стол зроблены з дубу (рэчыва) і на Гомельшчыне шмат дубу (зборнае). Такое ж дваякае значэнне часта маюць і назоўнікі, утвораныя ад дзеясловаў: праход, праезд, прыток, пераезд і шмат іншых. Пры распазнаванні катэгорый мяне ў такіх выпадках амаль заўсёды выручае часцінка паў- (толькі не палавіна і не палова). Паўдома, паўгектара, але нельга сказаць паўячменю, паўдарвінізму, паўаналізу

Між іншым, спроба вырашэння ўсіх супярэчлівых момантаў правапісу была зроблена. Для гэтага пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР была створана камісія, якая прарабіла пэўную работу. [...] 

[...] 

Канчаючы сваё слова аб некаторых ненармальнасцях у карыстанні мовай, я хацеў бы звярнуцца з заклікам да сваіх сяброў – пісьменнікаў і да ўсіх, хто мае дачыненне да друкаванага беларускага слова: любіце сваю матчыну мову, родную мясцовую гаворку, але давайце будзем шанаваць і агульнанародны моўны скарб, які здабываўся на працягу вякоў як у часы самастойнага развіцця беларускай мовы, так і ў часы агульнарускай і нават агульнаславянскай моўнай супольнасці. 

А тым, хто мае магчымасць крэмзаць аўтарскі рукапіс, не маючы на гэта належных падстаў, я раіў бы пакінуць марныя клопаты ад недарэчнай “фірменнай мове”, “выслабаніць” аўтара ад дробязнай апекі. Не “ўзнімайце” рукі на паўнапраўныя, законна ўжытыя аўтарам словы, не навязвайце яму сілком “нагоды”, “высновы” і архаічнага “дойліда” замест сучаснага “архітэктара”. Не цягніце яго сілком на цягнік, калі яму больш падабаецца поезд. 

Давайце лепш не будзем ездзіць па левым баку. 

Упершыню было надрукавана ў газеце “Звязда” за 14 чэрвеня 1979.

Мова

Oct. 16th, 2009 08:50 pm
galinaed: (Default)
Ці можа нешта зрабіць беларускамоўная меньшасць?
http://ikuzminich.livejournal.com/806.html

January 2017

S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031    

Syndicate

RSS Atom

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jul. 25th, 2017 12:32 pm
Powered by Dreamwidth Studios