galinaed: (поні !!!)
Сёньня сын сказаў, што бачыў на сьценах падземнага пераходу каля ГУМу два вялізныя бел-чырвона-белыя сьцягі. Пацікавіўся, ці мо сёньня якое сьвята кшталту Дня сьцягу ці штось падобнае. Гугл нічога такога не падказаў, і я выказала меркаваньне, што, можа быць, беларускія заўзятары гэтак адзначылі перамогі Домрачавай. "А-а-а-а, - зьнясілена прастагнаў сын. - Як жа яны ўсе задзяўблі з гэтай Домрачавай! Мне нават з Украіны даслалі віншаваньні. Я пішу - але пры чым тут я? А яны адказваюць - дык Домрачава ж зь Беларусі. Дасталі ўжо з гэтай алімпіядай! Мне ўвогуле нецікава, хто там перамагае..."

Ну во, я не адна кажу, што я не пры чым. Вы адкажаце, што сын падпаў пад мой уплыў, - але гэта ня так, майму сыну калі захочаш навязаць сваё меркаваньне, адразу і абломісься. Ён на ўсё мае свой асабісты погляд. Проста супалі...

На жаль, сын не зрабіў здымка, бо надта сьпяшаўся. І нам абоім вельмі цікава - колькі часу правіселі там тыя сьцягі? Бо ж перамогі перамогамі, а сьцягі могуць адразу падарваць прэстыж і канкурэнтаздольнасьць нашай краіны - калі ўвогуле ня зьнішчаць усю працу органаў па стабілізацыі ў краіне і ўсталяваньні ўсеагульнага "ўра-настрою".
galinaed: (гумар)
Па радыё ў перадачы па заяўках слухачоў радасна паведамляюць пра чарговую перамогу Домрачавай і віншуюць усіх беларусаў з гэтай перамогай. Панове, але пры чым тут я, чаму віншуюць і мяне?
Спорт - гэта бізнэс. Але ня ваш бізнэс! )
galinaed: (аўтобус)
Уразілі падрабязнасьці пра выбітнага нашага мовазнаўцу Юрася Бушлякова, якога я зь вялікай удзячнасьцю лічу сваім настаўнікам.
Расказвае Валер Булгакаў:
Ягоная (Юрасёва) асабістая гісторыя трагікамічная. У яго сям’і меркавалі, што сыну беларуская мова будзе лішняй, і «з прычыне слабога здароўя» вызвалілі сыночка ад навучання беларускай мове. І сынок быў пазбаўлены путаў гэтай «ненавіснай мовы» ажно да апошняга выпускнога класа, калі ў ім пасяліўся дух беларушчыны. У выніку Юрась атрымаў атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы з адзнакай па беларускай мове! І, калі я сустрэў Юрася (у 1990 годзе, яшчэ пры Савецкім Саюзе), ён ужо прынцыпова гаварыў па-беларуску, што было досыць нязвыкла. Юрась мяне пераканаў, што трэба «гаварыць па-беларуску паўсюдна і з усімі, трэба шырыць нацыянальную свядомасць».

Во як! А шмат хто ўпэўнены, што яблык ад яблыні далёка ня коціцца. І яшчэ кажуць, што ўсё пачынаецца зь сям'і. Ха! Насуперак волі бацькоў Юрась ня толькі вывучыў беларускую мову - а вывучыў яе дасканала, як толькі магчыма ведаць дасканала мову.

І што? Забаронены плод салодкі або тут нешта іншае? Хацелася б даведацца, але наўрад ці хто раскажа.
galinaed: (аўтобус)
Адразу скажу, што я на цяперашнія дзяржаўныя сьвяты не хадок, таму фотаў у мяне няма. Аднак ёсьць незвычайны ФАКТ!
Тут у сеціве прабегла інфармацыя, што менчукі амаль праігнаравалі апошні Дзень гораду. Ды не, не зусім праігнаравалі. Проста тыя людзі, якія прыйшлі нібыта на сьвята, прабавілі свой час... у чарзе да лаўкі Менскага маргарынавага заводу.
А што ж вы хацелі, калі надоечы алей каштаваў у крамах 18 000 Br, а якраз 10 верасьня ён стаў па 23 000 Br, аднак тут, дзе сьвяткуюць Дзень гораду, - наце вам! - алей прадаюць па 15 000  Br! Якія шчэ мерапрыемствы трэба прагнаму згаладаламу беларусу? Вось алей на душу - гэта самае тое! І як толькі буфэтчыца выставіла свой тавар з цэньнікамі, утварылася аграмадная чарга. Аднак - увага! - адразу прыйшоў загад не пачынаць гандаль да 11.00, бо "ў 11.00 на сьвята прыедзе Мясьніковіч, а калі атаварыць гэткую вялізную чаргу, дык да ягонага прыезду тавар можа скончыцца!". Буфэтчыца трохі пасьмяялася зь бязглуздай указяўкі, бо гэта ж немагчыма - прадаць два грузавікі алею за дзьве гадзіны, аднак гандляваць пачала толькі ў 11.00. 
Ну й што вы думаеце? Меў рацыю той, хто засьцярогся адпускаць алей зь дзявятай раніцы, бо яго РАЗЬМЯЛІ МЕНАВІТА ЗА ДЗЬВЕ ГАДЗІНЫ! Два грузавікі! Грузчыкі проста замыліліся падаваць скрыні - хутчэй! хутчэй! давай яшчэ!

ПС. Мне цікава адно: тэрмін прыдатнасьці алею - 9 месяцаў. Ён жа прагоркне, калі яго захоўваць большы час. Што ж будуць рабіць з гэтым алеем тыя, хто купляў адразу па скрыні? А такія пакупнікі - інфа дакладная! - часам трапляліся.

ППС. У Дзень гораду буфэт ММЗ утаргаваў 80 млн Br, у той час як звычайны будзённы дзень прыносіць менш за 10 млн грошай. Сьвята ўдалося!
galinaed: (поні !!!)
Нечаканая сьмерць рок-князёўны Вольгі Самусік (www.mpby.com/news-2771.htm) не дае спакою... 
Мне даўно хацелася напісаць пра доктара, які літаральна выцягнуў з "таго сьвету" маю маму, але неяк не было нагоды. А тут гэтая жудасная навіна: памерла Вольга Самусік - маладая, прыгожая... Жыць ды жыць яшчэ, аднак... Сэрца сьціскаецца ад шкадобы, а нічога паправіць немагчыма. Дактары зрабілі ўсё магчымае? Хацелася б верыць, але напрошваецца паралель з асабістага досьведу.

Выкладу той сумны досьвед з трох прычынаў: па-першае, хай людзі вучацца на чужых памылках; па-другое, шмат гадоў я нашу нявыказаную ўдзячнасьць доктару і яе абавязкова трэба ВЫКАЗАЦЬ; па-трэцяе, Вольга Самусік...

Здарылася гэта ўва ўжо далёкім 1989 годзе. У маёй мамы былі камяні ў жоўцевым пухіры, ёй прапаноўвалі зрабіць апэрацыю, а яна адмовілася ад апэрацыі ды надумалася "выгнаць" свае камяні лекамі ды травамі. УЗД тады яшчэ не рабілі, і ніхто ня мог ведаць, якога памеру тыя камяні. А яны як зрушыліся ды пайшлі па пратоках - дык і забілі гэтыя пратокі. Так узьнік востры панкрэатыт.

     Першае адступленьне. З гэтага я зрабіла выснову: ніколі ня трэба адмаўляцца ад апэрацыі. Дактары ведаюць лепей. Прапаноўваюць - значыць, трэба рабіць. Самадзейнасьць у такой справе можа каштаваць жыцьця.

Панкрэатыт - гэта болі, моцныя болі. Але мама цярпела, спадзеючыся, што камяні вось-вось выйдуць і ёй стане лепей. Аднак болі ўзмацняліся і хутка сталі зусім невыносныя, так што давялося выклікаць "хуткую дапамогу". На апэрацыйным стале высьветлілася, што лопнуў жоўцевы пухір і, пакуль мама цярпела  жудасныя болі, жоўць разьлілася і выклікала пэрытаніт (гэта ў дадатак да камянёў, да лопнулага жоўцевага пухіра і да панкрэатыту). Апэрацыя была вельмі складаная і працягвалася ажно 4 гадзіны.

      Другое адступленьне. Калі моцна баліць (ня зуб, а нешта ўсярэдзіне) - цярпець ня варта. Боль - сьведчаньне таго, што ў арганізьме адбываецца нешта зусім непажаданае і трэба тэрмінова зьвяртацца да дактароў, а не чакаць самага горшага.

Мне доктар сказаў рыхтавацца да самага горшага, бо ён ня можа абяцаць мне нічога добрага, таму што з такімі дыягназамі пасьпяховы прагноз ня большы за 7%. І паабяцаў зрабіць усё, што ад яго залежыць.
Сказаў - і зрабіў. Першыя два месяцы ў яго не было аніводнага выходнага дня. Дакладней, афіцыйна выходныя былі, але доктар, адчуваючы адказнасьць і разумеючы, што падчас ягонай адсутнасьці можа здарыцца непапраўнае, прыходзіў у бальніцу і ў свае выходныя. Ён сказаў мне праз тыдзень пасьля апэрацыі, што ён МУСІЦЬ выратаваць маю маму, таму што яна сама ПРАГНЕ ЖЫЦЬ. Зазначу, што ні пра якія падарункі доктару тады не было й думак - я была надта напалоханая тым, што здарылася (ну і зялёная зусім была да таго ж).

      Трэцяе адступленьне. Калі здарылася жудаснае, нельга гаварыць - усё, гэта канец. ЗАЎСЁДЫ ёсьць шанец, пакуль чалавек жывы. Зь любой хваробай, нават вельмі страшнай, трэба змагацца. Ня ліць сьлёзы, а - змагацца. Мая мама менавіта змагалася (кажа, вельмі хацелася жыць), і гэта прадвырашыла ейнае выратаваньне. Яна САМА, сваймі ўласнымі намаганьнямі залічыла сябе ў тыя 7%, якія выжываюць.

Праз 5 месяцаў маму выпісалі з бальніцы - нельга сказаць, што здаровую (далі 2-ю групу інваліднасьці), аднак мама пражыла яшчэ 18 гадоў, дачакалася 4 унукаў і яшчэ шмат чаго добрага (развал Саюзу напрыклад, і яшчэ паездкі ў Нямеччыну, дзе пабачыла зусім іншы сьвет).

Цяпер колькі словаў пра таго доктара, які ахвяраваў на выратаваньне хворай невядомай жанчыны свой уласны час. Гэта ХАРЛАП ІВАН АНДРЭЕВІЧ (для Гугла дадам па-расейску: Харлап Иван Андреевич), тадышні доктар бальніцы хуткай дапамогі. Дзе ён працуе цяпер, я ня ведаю. Але ведаю, што ён - Доктар зь вялікай літары. Прайшло больш за 20 гадоў, а я памятаю ягоныя прозьвішча і імя. Больш за тое - ягоным імем я назвала свайго сына. Маме прапанаванае мною ймя спачатку не спадабалася, аднак аргумэнт "Цябе выратаваў Іван! Андрэевіч!" стаў вырашальным.

Выснова: ад дактароў залежыць вельмі шмат! Часам жыцьцё залежыць.

January 2017

S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031    

Syndicate

RSS Atom

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Sep. 23rd, 2017 11:12 am
Powered by Dreamwidth Studios