galinaed: (поні !!!)
Славуты фагатыст і даследчык музыкі Аляксей Фралоў запрашае на публічную лекцыю "Беларуская музычная Атлантыда: перспектывы ў кантэксце культурных і антыкультурных працэсаў". Лекцыя адбудзецца ў межах цыклу Urbi et Orbi ("Гораду і свету") Лятучага ўніверсітэта і міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь" 29 траўня а 18.30 у мінскай Галерэі Ў (Незалежнасці, 37а), уваход вольны!

Паглядзець лекцыю можна будзе тут. Аляксей Фралоў - незвычайны чалавек. Ведаю яго больш за 15 гадоў - і заўсёды адчуваецца ягоная пазытыўная энэргія. Здаецца, Аляксей асьвятляе сабой навакольле - настолькі ён сьветлая асоба. Моцна перажывае за беларушчыну і шмат працуе на яе карысьць. Такіх людзей мала - адзінкі, але гэтыя адзінкі робяць такі ўнёсак у гісторыю і культуру нашай краіны, якога ня робяць мільёны іншых, звычайных інтэлігентаў, разам узятых.

Пакажу некалькі фатаздымкаў, зробленых падчас вандроўкі па Меншчыне ў 2009 годзе.
У Заслаўі ля гарадзішча, дзе ў другой палове XVI — пачатку XVII стагодзьдзя на месцы сярэднявечнага замчышча быў збудаваны бастыённы замак:

IMG_0657
Яшчэ тры фота )

А яшчэ хачу захаваць скарочаны варыянт гутаркі Глеба Лабадзенкі з Аляксеем Фраловым:

Нам ёсьць чым ганарыцца і што цаніць )Няма краіны, дзе ўсплёск культуры быў бы перманентны. Але Еўфрасіння і Скарына – рэдкія народы мелі тады такіх асобаў і такую іх спадчыну. "Не ў Парыжы, а ў Нясьвіжы" збудаваны другі барочны храм у Еўропе. Нашае віленскае барока – такога няма нідзе. І ў музыцы ў многіх момантах мы маем сапраўдныя зорныя часы. Тут захаваліся ўнікальныя глыбінныя старажытнейшыя пласты фальклёру, стваралася выдатная еўрапейская прафесійная культура, былі свае таленты і геніі.
galinaed: (сьвечка)
Я больш за месяц не была тут. То праца, то вандроўка. Відаць, ужо ўсе ведаюць, але для мяне навіна (бо я толькі вярнулася з вандроўкі, дзе зусім не заглядала ў сеціва): ня стала Юрася Бушлякова, самага лепшага чалавека з усіх, каго я сустракала ў сваім жыцьці. Невыносная навіна.

Такіх больш няма. Ня буду паўтарацца, а працытую вытрымкі зь сеціва:



Сяргей Шупа:
Ён ніколі ні з кім не сварыўся, не канфліктаваў, не варагаваў. Ніколі ні на што не наракаў, не абураўся, не злаваўся. Ніколі ня быў сумны, сярдзіты, незадаволены. Ніколі нічым не абцяжарваў, ніколі ня крыўдзіўся, ніколі не цураўся працы, ніколі не адмаўляў у дапамозе. Ніколі не сьпяшаўся, ніколі не нэрваваўся, ніколі не панікаваў. Усе гэтыя «ніколі» рабілі зь яго незаменнага калегу і сябра. І вось цяпер настала новае «ніколі», да якога цяжка будзе прызвычаіцца...
У гэтым чалавеку было столькі дабра, што хапіла б на дзясятак, калі не на сотню. Спадзяюся, што яно нікуды не падзелася і што кожны з нас застаецца цяпер з гэтай часьцінкай Юрасёвага дабра ў душы, і што кожны, хто быў зь ім у гэтым сьвеце, зрабіўся лепшы. Дзякую табе, Юрасю, за гэта.

Данчык:
Юрась Бушлякоў быў адным зь нямногіх людзей у маім жыцьці, пра каго я не магу сказаць ніводнага адмоўнага слова. Напэўна, яго самай характэрнай рысай быў амаль дзэн-будысцкі спакой.

Аляксей Знаткевіч:
Калі пра некага можна сказаць «сьветлы чалавек», дык гэта менавіта пра Юрася. Ніколі ня чуў ад яго злога слова на нечы адрас, не магу ўявіць, каб ён некага зьняважыў. Пры ўсіх сваіх ведах ён ніколі не навязваў свайго меркаваньня, але заўсёды быў гатовы падзяліцца тым, чым мог.

Ганна Соўсь:
...Юрасік, ты для мяне прыклад шляхетнасьці, мужнасьці, далікатнасьці, прыстойнасьці і сапраўднай беларускасьці. І лёс страшна несправядлівы, што такі сьветлы чалавек, які нікому ў жыцьці не зрабіў дрэннага, сышоў так рана і ў пакутах.

Сяргей Навумчык:
Юрась быў чалавекам вельмі далікатным, ён ахвотна адгукаўся на чужыя просьбы (мы, ягоныя калегі, звычайна прасілі парадаў адносна мовы), але рэдка прасіў нешта для сябе.

Алена Ціхановіч:
...Ён быў такім востравам добрых эмоцый, прыязнасьці і таварыскасьці. У мітусьні ўмеў заставацца спакойным, і ягонае “да эфіру цэлых 30 сэкунд” стала пераймальным. Юрась быў ідэальным чалавекам для радыё – хіба што беларускім Левітанам. Голас, дыкцыя, інтанацыя – усё было ўзорным. Не магу прыгадаць, каб ён некалі памыліўся, запнуўся, прамовіў нейкі каструбаваты сказ, што здаралася з усімі астатнімі.

Валер Каліноўскі:
Юрась ніколі не сьпяшаўся з высновамі ў навуковых пытаньнях, ня быў катэгарычны, усё рабіў разважліва, бо сур’ёзная навука ня любіць пасьпешлівасьці. Такі ж уважлівы ён быў у адносінах зь людзьмі, спагадлівы, тактоўны... Яго нам будзе страшэнна не хапаць…

Вячаслаў Ракіцкі:
Юрась быў сапраўдным сябрам і надзейным калегам. У ім можна было заўсёды быць упэўненым. Я шчыра кажу, ён быў ці ня лепшым з усіх, з кім я разам працаваў і сябраваў.
...Але найвышэйшую несправядлівасьць ня могуць перамагчы нават такія сьветлыя і мужныя людзі… Я буду помніць гэтага чалавека заўсёды.

Сяргей Дубавец:
Шкада бясконца. Хвароба, як тая стыхія, выходзіць зь берагоў і пачынае хапаць ну яўна ня тых, каго варта (хоць хто ж ведае, каго варта). Адно мне ясна, што сьвет бясконца выйграў бы, калі б такіх Юрасёў у ім было болей.

Юры Дракахруст:
Юра быў сапраўдным рыцарам беларускай мовы, ён любіў яе гэтак жа, як самых блізкіх, дарагіх яму людзей, і прысьвяціў сваё жыцьцю служэньню ёй. Яго ўнёсак у трактоўку моўных пытаньняў быў такім значным, што часам яго жартам называлі «бушляковіцай» - па аналёгіі з тарашкевіцай. Хто ведае, можа калісьці гэта будзе і ня жартам.

Сяргей Абламейка:
Адышоў адзін з самых інтэлігентных і далікатных людзей, якія трапляліся мне на маім жыцьцёвым шляху. ...Не магу яго ўспомніць раздражнёным ці, крый Божа, разьюшаным. Не магу ўспомніць, каб ён некаму ў нечым адмовіў.
...Сярод маіх знаёмых Юрась быў адзіным, хто зрабіў беларускую мову ня толькі сваёй прафэсіяй (такіх, на шчасьце, у нас нямала), але і цэнтрам свайго эмацыйнага сьвету, сваім хобі і зонай штодзённага зацікаўленьня. Дзіўным чынам ягоная памяць захоўвала сотні і тысячы словаў, якія можна было знайсьці толькі ў рэдкіх рэгіянальных слоўніках. Ну а Тлумачальны слоўнікі беларускай мовы ў шасьці тамах ён, здаецца, ведаў напамяць. Такія філёлягі нараджаюцца, відаць, нячаста.

Франак Вячорка:
Спадар Юрась будаваў і пашыраў прастору Беларушчыны. ...калі здараліся артаграфічныя спрэчкі (а такое бывае часта), узважанае слова спадара Юрася заўжды было вырашальным.
...Мне б хацелася быць да яго падобным.

Зьміцер Падбярэскі:
Ягоная грунтоўнасьць, абсалютная адсутнасьць мітусьні, адчуваньне, што гутарыш з чалавекам, які на галаву вышэй за цябе літаральна ва ўсім. Вось хто мову ведаў! Я па гэтых пытаньнях зьвяртаўся да яго быццам хлопчык. Аднак ведаў, што атрымаю вычарпальны адказ незалежна ад таго, наколькі ён у гэтыя хвіліны заняты. От каб такіх людзей больш было. А так зрабілася, што адным менш стала...

Галіна Навумчык:
Столькі цёплых словаў чуваць, столькі людзей у гэтыя дні смуткуюць і плачуць разам з роднымі. Столькі чужых людзей пішуць словы сваёй любові ў гэтыя дні Юрасю Бушлякову. ...Яго няма з намі, а мы працягваем яго любіць, бо такіх людзей, як Юрась, любяць усе. Ён быў нейкім жывым эталёнам: чысьціні і дабрыні. Мужчынскі мужчына і вельмі добры, шчыры і адкрыты чалавек.
Юрасік... Ты быў сапраўдны. Дзякуй.


Ад сябе.
І калі хто мне будзе расказваць пра Бога і Божую любоў да людзей - я не паверу. Бо калі б была тая любоў, Юрась быў бы жывы і здаровы.
galinaed: (аўтобус)
Уразілі падрабязнасьці пра выбітнага нашага мовазнаўцу Юрася Бушлякова, якога я зь вялікай удзячнасьцю лічу сваім настаўнікам.
Расказвае Валер Булгакаў:
Ягоная (Юрасёва) асабістая гісторыя трагікамічная. У яго сям’і меркавалі, што сыну беларуская мова будзе лішняй, і «з прычыне слабога здароўя» вызвалілі сыночка ад навучання беларускай мове. І сынок быў пазбаўлены путаў гэтай «ненавіснай мовы» ажно да апошняга выпускнога класа, калі ў ім пасяліўся дух беларушчыны. У выніку Юрась атрымаў атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы з адзнакай па беларускай мове! І, калі я сустрэў Юрася (у 1990 годзе, яшчэ пры Савецкім Саюзе), ён ужо прынцыпова гаварыў па-беларуску, што было досыць нязвыкла. Юрась мяне пераканаў, што трэба «гаварыць па-беларуску паўсюдна і з усімі, трэба шырыць нацыянальную свядомасць».

Во як! А шмат хто ўпэўнены, што яблык ад яблыні далёка ня коціцца. І яшчэ кажуць, што ўсё пачынаецца зь сям'і. Ха! Насуперак волі бацькоў Юрась ня толькі вывучыў беларускую мову - а вывучыў яе дасканала, як толькі магчыма ведаць дасканала мову.

І што? Забаронены плод салодкі або тут нешта іншае? Хацелася б даведацца, але наўрад ці хто раскажа.

January 2017

S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031    

Syndicate

RSS Atom

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Sep. 24th, 2017 12:18 pm
Powered by Dreamwidth Studios