galinaed: (твар)
Сёньня ўвечары паўстала дылема: або пайсьці на фітнэс, або даесьці ўчорашні торт.
Перамог торт.
Ну і як з такою мною змагацца з тлушчам на баках?



galinaed: (поні !!!)
Жылі-былі муж і жонка, і быў у іх сыночак. Але яны хацелі яшчэ і дачушку. У той час УЗД не рабілі, і таму сям’я да самага нараджэньня дзіцяці ня ведала, хто будзе – дзяўчынка ці хлопчык. Аднак спадзяваліся на дзяўчынку, і нават імя абмеркавалі загадзя – будзе Сьвета, Сьветачка, Сьвятлана, і будзе асьвятляць усё вакол сябе.

Калі дзіцятка зьявілася на сьвет, дактары радасна загаласілі: “Цыганачка! Цыганачка!”. Ну то й добра, нават ня трэба пытацца, ці дзяўчынка…

І вось галава сям’і накіраваўся ў ЗАГС рэгістраваць дачушку. А як ужо імя даўно было выбранае, дык пытаньне гэтае нават не абмяркоўвалі. Будзе Сьвета, чаго тут думаць. Але вяртаецца муж з ЗАГСу – і рагоча. Што такое, чаму сьмяемся? Той і расказвае: “Іду гэта я – і разважаю. Сьвета… Мусіла б быць сьветлай, ці ня так? А калі дзяўчынка чорная і смуглявая – якая зь яе Сьвета? Не пасуе ёй гэтае імя! Бо гэта нейкі галчонак, а ня Сьвета! Хай і будзе – Галчонак, Галка, бо гэта імя лепш пасуе. Запісаў Галінай, а не Сьвятланай!”.

Паціснула жонка плячыма – і спрачацца ня стала: Галчонак дык Галчонак, таксама няблага. Тым больш што вунь ён растапырыў сваё “пер’е” – сапраўдны галчонак!


выбегла шмат вады з таго часу )
galinaed: (поні !!!)
...Але ня ўсё толькі дрэннае ёсьць у гэтай Расіі. Напрыклад, дзень кастрычніцкага перавароту ў іх ня лічыцца сьвятам. А мы - як саўкі, і ў нас як бы сьвята. Але ж хто будзе супраць дадатковага выхаднога дня?

Бел-чырвона-белы цуд )
galinaed: (твар)
Прагнозы надвор'я паказвалі, што ў панядзелак 11 жніўня будзе апошні дзень сьпёкі, таму я падбухторыла сына зь нявесткай накіравацца са мной у Дразды, каб пакупацца. Месца для адпачынку падказала ў камэнтарах да майго папярэдняга паста шаноўная [livejournal.com profile] lianina_minsk, за што я выказваю ёй вялікую падзяку.

знайсьці ў Мінску нешматлюднае месца купацца )
galinaed: (гумар)
Ніколі не хадзіла на курсы павышэньня камп'ютарнай пісьменнасьці, усяму навучалася "мэтадам тыку" - і самаўпэўнена лічыла, што мой узровень вышэйшы за "лузерскі", бо я ж працавала на камп'ютары яшчэ ў той час, калі большасьць беларусаў нават ня ведала, як тыя камп'ютары выглядаюць.

Ха! Аднак я дагэтуль ня ведала, якая розьніца паміж спойлерам і катам. Ну што, гэта ня дзіва. Нідзе ніхто пра гэта не напісаў. Дый я не шукала. А некалісь заўважыла, што ў некаторых аўтараў ЛЖ можна было пост разгарнуць і потым згарнуць, націснуўшы ўнізе опцыю Collapsе, а ў некаторых аўтараў гэтая кнопачка, якая мусіла б быць унізе схаванага пад кат зьместу, адсутнічала. І ў маіх пастах адсутнічала! Аднак мне хацелася, каб яна была, бо гэта зручна, асабліва калі чытаеш допісы ў стужцы сяброў (а я менавіта ў стужцы і чытаю, і, імаверна, так робіць большасьць).
Як я спрабавала зрабіць лепш )
Дзякуй усім, хто прачытаў! І прабачце ўсе, хто не хацеў атрымліваць мой падарунак, але быў вымушаны назіраць у стужцы сяброў, як "браўзэр просто разрываецца ад аб'ёму графікі". Ну і... буду рада, калі мой досьвед прынясе камусьці карысьць.
galinaed: (твар)
Вельмі не люблю пэрыяд, калі сьнег ужо сышоў, а трава яшчэ ня вырасла. Як па мне, зямлі трэба быць або пад сьнегам, або пад травой ці пад кветкамі. А голая зямля навявае скруху. Ну вось гэты год зрабіў мне такую радасьць, каб я ня бачыла голай зямлі: мяне зваліў грыпозны вірус. Прычым нейкі бязьлітасны, з тэмпэратураю пад 39, а доктарка яшчэ сказала, што ў гэтым годзе такі грып, што людзі тэмпэратураць ажно па 7 дзён. Божачкі, цэлых 7 дзён выкрасьліць з жыцьця! Ясна, што працаваць у такім стане ня хочацца, аднак і валяцца зусім бяз справы ўжо надакучыла. Таму – прывітаньне, ЖЖ-сябры!
А раскажу-ка я пра сваю кісуню! Вось валяюся я ў пасьцелі – і ўвесь час побач са мною мая мілая котка. Трэба прысьвяціць ёй хаця б адзін пост.

Аматарам высокаінтэлектуальных тэкстаў гэта можна не чытаць, бо тут будуць занатоўкі пра котку і трохі пра аўто )
galinaed: (твар)
Нармальныя агароднікі, добра напрацаваўшыся ў сэзон, узімку пэўна ж адпачываюць ад сваіх агародных справаў. Ну а ненармальныя гаротнікі агароднікі, якія ў сэзон нічога добрага вырасьціць ня ўмеюць, працягваюць свае практыкаваньні ўзімку - і цешацца надзеяй, што штосьці ды атрымаецца з гэтага вычварэнства.

І вось што атрымліваецца:

IMG_5926

IMG_5915

Мае таматы, кінутыя на лецішчы без нагляду ў пачатку верасьня, бо я легкадумна паехала адпачываць у Баўгарыю, засумавалі безь мяне і з гора пачарнелі... І чым я магла тады пахваліцца перад сваім віртуальным сябрам [livejournal.com profile] araty, які перадаў мне насеньне самаапыляльных таматаў? Што сказаць пра ўраджай? А нічога не сказаць, толькі вытрымаць доўгую зімовую паўзу... І тады нягеглыя расьлінкі ператвараюцца... ператвараюцца расьлінкі... у сапраўдныя памідоры! І нічога, што гэта адбываецца на падваконьні і што за вокнамі ляжыць сьнег - па-мойму, гэта надае нават большае пікантнасьці. Ці ня так?

IMG_5940
galinaed: (поні !!!)
Сёньня працую з тэкстам пра тэлекамунікацыйныя сыстэмы.Харошае сравненіе )
galinaed: (гумар)

Сёньня сын, вярнуўшыся з прабежкі па парку, выпаліў з парогу:
– Ужо быдла падцягваецца ў парк!
– Чаму быдла? – пытаюся.
– Ты б паглядзела на іхныя пысы! Сінюшныя! Кантынгент яшчэ той! Во, толькі 10 раніцы, а там ужо стаяць навесы і пачынаюць смажыць шашлыкі – гульба будзе. Шкада, зноў усю траву патопчуць…

многа літар, навеяных сёньняшнім днём )

Пірава перамога…

galinaed: (аўтобус)
Здараецца, што пішучы камэнтары, згадаеш штосьці такое, што потым хочацца бачыць у сваім блогу. Вось і цяпер я сьцягваю свой допіс з блогу свайго ЖЖ-фрэнда.
***
Ішоў дзесьці 1998 год. Аднойчы мы прыехалі купіць бульбы на восеньскі кірмаш. Шмат прадаўцоў, а мы сталі ў чаргу, дзе бульбу прадавала сямейная пара, якая размаўляла па-беларуску. Ні ў кога чэргаў няма, а ў гэтых - чарга. Яны і кажуць: "Нешта ў іншых няма чэргаў, а нам дык няма калі прадыхнуць". Мой муж адказвае: "Ня ведаю, як хто, а мы сталі сюды таму, што вы размаўляеце па-беларуску". А наш сын (яму было тады 7-8 гадоў) упэўнена дадае: "Вось калі я стану прэзыдэнтам, усе будуць размаўляць па-беларуску!" У чарзе адразу некалькі чалавек гучна прамовілі: "Хлопчык, хутчэй бы ты стаў прэзыдэнтам!"
galinaed: (гумар)

Я ўжо расказвала пра адну дзіўную зьяву, якая здарылаўся нядаўна ў маёй кватэры. Пэўна тая зьява мае нейкія фізычныя падставы, і яе можна вытлумачыць законамі прыроды. Аднак гэта адзіны такі "прыземлены" выпадак, бо ўсе астатнія дзівосы, якія адбываліся ў маім жыцьці, маюць містычны характар, і навукова вытлумачыць іх немагчыма, прынамсі зь цяперашнім узроўнем навукі.

Раскажу пра адзін такі выпадак, які моцна паўплываў на мой сьветапогляд.

І гэта не калядная казка!.. )
galinaed: (твар)
Адзін паважаны чалавек бярэ з сабою на мерапрыемствы жонку, толькі калі гэтага абавязкова патрабуе пратакол.
Вось і цяпер - адзін.
- Чаму без супругі? - пытаюся.
- Ат... Ты ж ведаеш маю жонку!
Ведаю. Тыповая бляндынка (хоць і цёмнавалосая, але гэта ня мае значэньня): глупая і крыватлівая.
- Ну... Сам жа выбіраў.
- Дурны быў.
- Не скажы. Дурні ня вучацца ў асьпірантуры.
- Дык гэта ў фізыцы не дурны, а ў жыцьці - дурны. Прыгажосьць вочы засьляпіла, розум замуціла. Вось цяпер і маюся.

Як можна?! Чалавеку было 28 гадоў - і ня стала розуму?

Узгадалася, як кватэру побач з нашай набыла маладая сям'я. Яна - вельмі мілавідная асоба, ажно я, як пабачыла яе, дома пракамэнтавала: "Во якая прыгажуня пасялілася побач з намі!"
Мой сын (яму тады было 16 гадоў) моцна зьдзівіўся: "Ма, ты што? У яе ж вочы пустыя! Як ТАКУЮ можна лічыць прыгожаю?"
Радуюся за сына. Разумны ня толькі ў навуцы.
galinaed: (твар)
На гэтым тыдні ў мяне столькі працы, што нават спаць няма калі. І калі мне падалося, што ўжо і кава не дапамагае, я пабачыла адзін ролік, які аказаўся лепшым за некалькі кубкаў кавы. Рагатала ад усяе душы!



ЗЫ. Ня грэх памарыць пра часы, калі і ў Беларусі журналісты змогуць падаваць навіны ў такім ракурсе.
galinaed: (твар)
Штосьці будзе 14 жніўня (спадзяюся, я правільна запомніла дату). Ці асабіста ў мяне, ці ў краіне, ці ў сьвеце.
З чаго ўзяла? Прысьніла!
galinaed: (гумар)
Адказ на запіс (замест камэнтара, бо хачу, каб адказ застаўся ў маім блогу)
Мой дзед у часе калектывізацыі адмовіўся ўступіць у калгас, бо меў добра наладжаную гаспадарку, карову і каня - амаль багатыр, як на той час. "Раскулачыць" і выслаць дзеда не пасьпелі, бо пачалася вайна: "раскулачылі", то бок забралі каня і карову, 21 чэрвеня 1941 году, а ўжо 22 чэрвеня дзед прывёў каня і карову ў свой хлеў.
А па вайне дзед не ўступіў у калгас, таму што "ледзьве прыцягнуў свае зраненыя косьці дахаты" (так казала бабуля), і неўзабаве (у 1946) памёр ад ран, атрыманых на фронце. Дык яшчэ ў 1970-я бабуля скардзілася, што саўгас не дае ёй столькі ж зямлі, як іншым сялянам, бо яна - жонка "адмаўленца", хаця бабуля ўсё-ткі ўступіла ў той калгас у 1946 годзе, таму што і каня, і карову забралі ў часе вайны партызаны і больш яна ня мела нічога такога, чаго было б шкада "аграмадзіць". І працавала ў тым калгасе ажно да сваіх 70 гадоў. Аднак, адпрацаваўшы больш за 20 гадоў, бабуля так і не заслужыла атрымаць добры надзел зямлі, як ува ўсіх. Мая маці пісала некудысь ва ўладныя структуры лісты з просьбаю павялічыць надзел (бо нашая сям'я кармілася з бабуліных сотак), але безвынікова.
Злапамятная была тая ўлада.
galinaed: (гумар)
Нешта цікавае адбылося ўчора ў маёй кватэры. Я думала - пісаць ці не пісаць пра гэта, але як прыгадала, колькі цудаў ужо здарылася ў маім жыцьці, дык вырашыла: трэба пісаць. Прычым пра ўсе цуды.
Аднак спачатку апошняе дзіва.
Учора я павячэрала і пайшла да кампутара. Калі дадому прыйшоў сын, ён пагрэў сабе ежу ў мікрахвалеўцы і сеў есьці. Раптам чую - выбух!
Гук дакладна такі самы, які я аднойчы ўжо чула ў сваім жыцьці. Тады мне было 3 гады і я вырашыла правесьці экспэрымэнт, ці загарыцца лямпачка, калі замест штэпсельнай вілкі засунуць у разэтку маміну шпільку для валасоў. Ну, малаватая я шчэ была, не зьвярнула ўвагі на тое, што вілка злучаная з бра провадам, але я бачыла дакладную заканамернасьць: калі бацькі сунуць у разэтку гэтую рагулю - запальваецца сьвятло. Дык і я засунула сваю рагульку. І хаця мне было ўсяго тры гады, я дакладна памятаю вынікі свайго экспэрымэнту: з разэткі імгненна выскачыў агністы шар, які тут жа выбухнуў. У кватэры адразу зьнікла сьвятло, а я чамусьці павалілася, і была пэўная, што зараз бацькі дадуць мне прачуханку, бо стала зусім цёмна... Бацька хутка выскачыў на лесьвіцу, нешта там падладзіў - і сьвятло зьявілася. Тады я пабачыла, што мяне адкінула ад разэткі на 3 мэтры, а рука мая ўся ў сажы. Але, нягледзячы на тую шкоду, якую я нарабіла, і на мае цалкам чорныя рукі, маці кінулася да мяне і, замест таго каб лаяцца, моцна прыціснула мяне да сябе. Я нічога не разумела... Потым мама адмывала мае рукі і твар і навучала, што дзецям нельга нават блізка падыходзіць да разэткі, бо там жыве злы вядзьмак, які ня любіць дзяцей.

Ня ведаю, што здарылася з тым ведзьмаком, але ён чамусьці вырашыў нагадаць пра сябе праз шмат-шмат гадоў, прычым ніхто яго не турбаваў. Сын мой спакойна вячэраў за сталом, седзячы левым вухам якраз насупраць разэткі. Калі я прыбегла на кухню, упэўненая, што там як мінімум разарвалася лямпачка, я зьдзівілася, бо сьвятло гарэла, а радыё, падключанае да гэтай самай электрычнай разэткі, грала музыку, быццам нічога ня здарылася. Толькі сын сядзеў агаломшаны, нічога не разумеючы, і трымаўся за вуха. Што гэта было? Вуха стала вельмі гарачым, а з выгляду пабялела. Сын кажа, што разам з выбухам бачыў краем вока ўспышку.
Мы вырашылі, што гэта была клубкаватая (шарападобная) маланка. Але зь якой нагоды яна раптам зьявілася ў нашае кватэры?

"Во время Второй мировой войны подводники многократно и последовательно сообщали о маленьких шаровых молниях, возникающих в замкнутом пространстве подводной лодки. Они появлялись при включении, выключении, или неверном включении батареи аккумуляторов, либо в случае отключения, или неверного подключения высокоиндуктивных электромоторов"

Ніякіх батарэяў акумулятараў ці высокаіндукцыйных электраматораў у мяне і блізка няма! Звычайная электраправодка, якой ужо 40 гадоў. Ах, вядзьмак, напэўна, стаміўся там сядзець столькі гадоў :))
Ці мо гэта мая печка (далучаная да той жа разэтки, у другое гняздо) вырашыла прыняць удзел у вайнушцы, якую распачаў ТНП?
galinaed: (твар)
Усе чамусьці мяркуюць, што чым грошай болей, тым лепш. Грошы даюць свабоду! Ага, можна есьці што хочаш, езьдзіць куды хочаш, уладкаваць жытло як хочаш, апранацца як хочаш... Усё гэта так, але...
Ці шмат  у каго з нас ёсьць ВЕЛЬМІ ДОБРА ЗАБЯСЬПЕЧАНЫЯ знаёмыя? У мяне - ёсьць. Мой аднакурсьнік, дакладней, аднагрупнік. Высокая "шышка": старшыня праўленьня аднаго зь беларускіх камэрцыйных банкаў.
Калі мы зьбіраліся групай 10 гадоў таму, "шышка" быў намесьнікам старшыні. Тады ён прыехаў на сустрэчу, значна спазьніўшыся, разам з сваім "сябрам", бо "ня ведаў, ці атрымаецца заехаць. Але праяжджалі міма - дык і заехалі". Усе ўсё зразумелі. У тым ліку і тое, што гэта за "сябар", які сеў за стол побач з "шышкаю".
Пяць гадоў таму "шышка" прыехаў на сустрэчу ў суправаджэньні ўжо двох "сяброў" і прабыў з намі троху больш за гадзіну, а потым незаўважна зьнік. Але тады ён ужо не казаў пра "сяброў", а шматзначна прамовіў: "Ну вы ж разумееце..." Мы сапраўды разумелі.
У гэтым годзе на нашу традыцыйную сустрэчу "шышка" не прыяжджаў. Ня ведаю, ці ён не знайшоў часу, ці аховы ў яго ўжо ня два чалавекі, а значна болей, - але якая розьніца. Як той казаў, адно - гарачка, а другое - балячка.
Мне вось думалася: а цікава, на адпачынак ён таксама езьдзіць з вартаўнікамі? Ці ня езьдзіць зусім? І што гэта за жыцьцё? Чалавек сам сабе ўжо не падуладны. Ня ён гаспадар над абставінамі, а абставіны валадараць над ім. І ці варта было імкнуцца да гэткіх вышыняў? 
galinaed: (аўтобус)
Во як бывае! Гэта ж трэба такому здарыцца - я пасварылася зь сяброўкай праз палітыку! Дакладней, я зь ёю не сварылася, але яна на мяне вельмі моцна ўсердзіла за тое, што я назвала частку беларусаў... быдлам, - і цяпер ня хоча са мною размаўляць, пакуль я не папрашу прабачэньня за гэтую абразу. Я б папрасіла, мне няцяжка, аднак гэта будзе азначаць, што я назвала частку беларусаў быдлам памылкова, не падумаўшы.
Так, трэба падумаць... Ай, ну хіба я ня маю рацыі, калі кажу, што няма сэнсу прасьвячаць насельніцтва, бо яно было і будзе "цёмным, сьляпым, быццам крот"? У каго ёсьць розум - той ужо і так усё зразумеў, а ў каго розуму няма - тым свой розум ня ўставіш, толькі час змарнуеш.
Успамінаю, як адна мая знаёмая сказала мне  ў 2002 годзе: "Ты мне пра Лукашэнку нічога дрэннага не кажы - любіла, люблю і любіць буду!" Тады яна лічыла, што "любіць будзе", а ўжо ў 2006 сама выказалася пра свайго "любімца" з агідаю, што занадта ён заседзеўся на троне, ужо брыдка глядзець, як ён учапіўся за ўладу. Ну дык калі ў гэтай знаёмай трохі было глуздоў, дык яна сама зрабіла высновы, ніхто ёй "нічога дрэннага" не казаў, як яна і прасіла.
Але колькі вакол такіх, каторыя шчасьлівыя ўжо таму, што не галадаюць і няма вайны! Ім жа кажы што заўгодна - яны ўсё роўна будуць радавацца такому свайму шчасьцю. Ну і няхай радуюцца, навошта людзям псаваць маліну?
Ну дапусьцім, ты змагла пераканаць, напрыклад, сваю цётку, што ейны "любімец" - нягодны чалавек, які мусіць сысьці. І што? Цётка пойдзе на плошчу дамагацца, каб ён сышоў? Во калі б у нас былі выбары, а ня фарс, тады быў бы сэнс "адукоўваць" і гэтую цётку, і дзядзьку, і тысячы іншых, падобных ім - каб яны прагаласавалі супраць узурпатара. Але ж на тое ён і узурпатар, што выбараў ужо няма, і таму "хаджэньне ў народ" страціла ўсялякі сэнс. Трэба шукаць іншых шляхоў. Якіх? Я ня ведаю, і ня варта мяне ў гэтым вінаваціць. Але што за лёгіка ў сяброўкі: калі іншых шляхоў я не магу прапанаваць, дык трэба "адукоўваць" гэтых  "кратоў"... Не, тады я сказала не "кратоў", гэта толькі цяпер мне прыйшоў на памяць радок з Багдановічавага вершу, а тады я сказала - "быдла": "Ня бачу сэнсу пераконваць быдла, ім дастаткова чаркі і скваркі - хай гэтым і цешацца".
І, бачыш ты, такім чынам я абразіла ўвесь беларускі народ! Ды не, тых, хто пратэстуе супраць дыктатуры, і нават тых, хто моўчкі ненавідзіць дыктатара, я ніколі быдлам не назаву! І дарэчы, нельга разьлічваць на нейкія рэальныя дзеяньні ад усіх, хто супраць дыктатуры, гэта вялікая памылка - чакаць геройства і самаахвярнасьці ад усіх запар. Нават калі хтосьці супраць гэтага рэжыму - зусім ня факт, што гэты чалавек гатовы штосьці зрабіць, каб скінуць рэжым. Так што - прасьвячай, не прасьвячай, вынік адзін...
Я бачыла шмат такіх, каго прасьвячаць ня трэба, яны самі даўно ўсё зразумелі і гатовыя на рэальныя дзеяньні. Вось яны - сіла, але ці зможа хто правільна зарганізаваць гэтую сілу, каб яна стала дзейснаю?
galinaed: (Default)
Я ўважліва слухала... На трэцім запеве, калі ўступіў Вольскі (гэта дзесьці на 3.50 хв), у мяне раптам пацяклі сьлёзы. І дзень сёньня такі... сьвяточны мусіць быць дзень! Ёлы-палы, чаму я плАчу? БАЛЮЧА!


 

January 2017

S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031    

Syndicate

RSS Atom

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Sep. 24th, 2017 12:24 pm
Powered by Dreamwidth Studios